Улетку гэтага года студэнты факультэта міжнародных адносін БДУ суправаджалі дэлегацыю японскіх школьнікаў у рамках праекта па пераадоленні наступстваў аварый на АЭС Фукусіма - 1 і вывучэнні вопыту Чарнобыльскай АЭС. У рамках гэтага ж праекта студэнты 3 і 4 курсаў атрымалі запрашэнне наведаць Японію ў пачатку лістапада. Падчас паездкі было агледжана шэраг аб'ектаў, якія маюць дачыненне да аварыі ў Фукусіме, і падрыхтавана справаздачная прэзентацыя па тэме.
3 лістапада студэнты атрымалі магчымасць убачыць пацярпелыя раёны прэфектуры Фукусіма. У цэлым, стан гэтых раёнаў можна ахарактарызаваць як станоўчы. Вядома ж, да гэтага часу многія аб'екты застаюцца ў зоне адчужэння, але асобныя гарады год за годам выводзяцца з яе, і насельніцтва паступова вяртаецца на сваю малую радзіму. Жыхары гэтых раёнаў настроены даволі аптымістычна і прыкладаюць усе намаганні для адраджэння Фукусімы.
Пасля гэтага студэнты наведалі тэрыторыю АЭС Фукусіма-1 і былі ўражаны яе станам. Перш за ўсё кінулася ў вочы арганізацыя працоўнай прасторы. На станцыі штодня працуе каля 6000 чалавек і для іх створаны вельмі добрыя ўмовы: тэрыторыя акультураная і акуратная, ёсць спецыяльны дом адпачынку для рабочых, у многіх месцах вісяць матывацыйны плакаты. Таксама прыкметна, што актыўная праца вядзецца над самімі рэактарамі, хутка ідзе будаўніцтва ахоўных блокаў. І хоць існуе шэраг складаных праблем, варта адзначыць, што гэтыя праблемы не застаюцца ў падвешаным стане, вядзецца праца па іх вырашэнні, у тым ліку з дапамогай замежных краін.
5 лістапада адбыўся справаздачны сход, на якім былі падведзены вынікі і завяршалася дадзеная місія. Японскія школьнікі і беларускія студэнты падрыхтавалі прэзентацыі, у якіх падзяліліся сваімі ўражаннямі ад чужой краіны, ад абмену вопытам, ад самых паездак. Школьнікі расказалі пра тое, якія ідэі запазычылі ў беларусаў і пра свае планы на бліжэйшую будучыню. Некаторыя прэзентацыі праходзілі ў выглядзе дыскусій, дзе выступоўцы абмяркоўвалі, што іх уразіла ў Беларусі больш за ўсё. На сходзе прысутнічалі чыноўнікі і спецыялісты ў галінах, звязаных з аднаўленнем Фукусімы, у тым ліку дэпутат Палаты дарадцаў Парламента Японіі Масака Моры.
Пасля сходу прайшла цырымонія роспуску місіі, дзе з удзячнымі і развітальнымі прамовамі выступілі дырэктар арганізацыі "Happy Road Net" Нішымота Юміко і яе памочнікі, спонсары праекта, беларускія студэнты, японскія школьнікі і іх бацькі.
У апошні дзень знаходжання беларускім студэнтам прадставілася магчымасць сустрэцца з жонкай Прэм'ер-міністра Японіі Акіэ Абэ. Нягледзячы на хваляванне, сустрэча прайшла ва ўтульнай абстаноўцы. За адносна кароткі час удалося не толькі абмеркаваць ход і найбольш запамінальныя падзеі паездкі, пагаварыць пра адрозныя і падобныя рысы Японіі і Беларусі, а таксама паслухаць асабістае меркаванне Акіэ Абэ па тэме. Яна занепакоена праблемай рэабілітацыі пацярпелых раёнаў і шукае праекты па прыцягненню людзей на сваю малую радзіму. Таксама яна выказала меркаванне пра неабходнасць прыцягнення турыстаў, каб замежныя госці маглі самі ацаніць сучасны стан прэфектуры Фукусіма. Пасля завяршэння сустрэчы Акіэ Абэ падарыла невялікія памятныя сувеніры.
Пасля сустрэчы з Акіэ Абэ студэнты адправіліся ў будынак Парламента. Там яны сустрэліся з дэпутатам Палаты дарадцаў Парламента Японіі Масака Моры. Падчас абеду адбылася прыемная гутарка, дзе студэнты падзяліліся сваімі ўражаннямі аб Японіі. У сваю чаргу Масака Моры распавяла пра сваю паездку ў Рэспубліку Беларусь у ліпені 2016 года.
У выніку хацелася б адзначыць, што наведванне АЭС «Фукусіма-1», удзел у справаздачным сходзе, сустрэчы з чыноўнікамі і спецыялістамі па пераадоленні наступстваў аварыі ў Фукусіме сталі неацэнным вопытам для беларускіх студэнтаў. Атрыманыя дадатковыя веды ў гэтай галіне дазволілі ім зірнуць на праблему свежым поглядам і ацаніць значнасць пошуку рашэнняў па ліквідацыі наступстваў аварыі як для Японіі, так і для Беларусі.
Акрамя таго, для абедзвюх дэлегацый такі сумесны праект можна разглядаць як каштоўны вопыт міжкультурных зносін, які спрыяе ўмацаванню дружалюбных адносін паміж краінамі. Студэнты шчыра спадзяюцца на працяг беларуска-японскага супрацоўніцтва ў гэтай сферы і на сумесныя праекты ў найбліжэйшай будучыні!
{gallery}2017/2017_11_27{/gallery}