Select your language

18 лістапада 2017 г. на факультэце міжнародных адносін БДУ адбылася сустрэча ў фармаце круглага стала з вядомым нямецкім палітыкам Карстэнам Фойгтам. Спадар Карстэн Фойгт, дэпутат бундэстага (1976—1998), за час сваёй палітычнай кар'еры неаднаразова займаў важныя пасады, звязаныя з вызначэннем і фарміраваннем знешняй палітыкі Германіі. Так, у перыяд з 1983 па 1998 гг. ён быў знешнепалітычным спікерам фракцыі СДПГ у нямецкім парламенце. Пасля свайго выхаду з ліку дэпутацкага корпусу спадар Фойгт, які з'яўляецца на дадзены момант членам прэзідыума Германскага таварыства знешняй палітыкі (DGAP), на ўрадавым узроўні каардынаваў пытанні нямецка-амерыканскага супрацоўніцтва па лініі Міністэрства замежных спраў (1999—2010). Апошнія гады палітык таксама актыўна займаўся пытаннямі германа-расійскіх адносін. Яшчэ адным з накірункаў яго палітычнай спецыялізацыі з'яўляліся пытанні бяспекі. З 1994 па 2000 гг. Карстэн Фойгт займаў пасаду старшыні парламенцкай асамблеі НАТА і быў упаўнаважаным ўрада ФРГ па трансатлантычным адносінам.

Фармулёўка тэмы мерапрыемства «Мінскія дыялогі пра Еўропу: сучасныя германа-расійскія адносіны ва ўмовах знешнепалітычнага курсу аб'яднанай Еўропы» дазволіла нямецкаму эксперту агучыць увесь комплекс актуальных геапалітычных праблем і выклікаў на Еўрапейскім кантыненце і асвятліць пытанні, звязаныя з архітэктурай еўрапейскай бяспекі, з перспектывы Германіі.

Па словах Карстэна Фойгта, Германія не зацікаўлена ў стварэнні новай версіі «канцэрта вялікіх дзяржаў», як гэта было ў часы Венскага кангрэса пасля напалеонаўскіх войнаў або Ялцінскай-Патсдамскай сістэмы пасля Другой сусветнай вайны, калі сістэму балансу сусветнага парадку сталі вызначаць буйныя геапалітычныя гульцы «праз галаву» менш буйных дзяржаў. У той перыяд кожны раз блокавае мысленне і існаванне буферных зон прыводзіла да фарміравання пояса варожых дзяржаў па ўсім перыметры мяжы Германіі. Больш складаны па інфраструктуры балансу мульцілатаральны прынцып пабудовы міжнародных адносін, з пункту гледжання сучаснай Германіі, больш устойлівы, паколькі стварае менш схаваных высілкаў і канфліктных патэнцыялаў з боку менш буйных гульцоў. Так, упершыню за доўгія гады ўзнікнення на палітычнай мапе Еўропы дзяржавы Германіі, менавіта дзякуючы мульцілатаральнаму падыходу ў фарміраванні сваёй знешняй палітыкі, яна акружаная дружалюбнымі краінамі. І ў гэтым сэнсе, выбудоўванне раўнапраўных адносін з такімі краінамі, як Рэспубліка Беларусь, якія ўлічваюць інтарэсы многіх бакоў, з'яўляецца адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі Германіі.

Вялікую частку часу, адведзенага для правядзення круглага стала, склала дыскусійная частка мерапрыемства, удзельнікамі якой выступілі студэнты і выкладчыкі факультэта. Своеасаблівым судакладам па тэме сталі каментары дэкана факультэта міжнародных адносін, доктара гістарычных навук, прафесара Шадурскага Віктара Генадзьевіча.

{gallery}2017/2017_11_18{/gallery}