1 лістапада 2017 г. у рамках беларускага старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве на базе факультэта міжнародных адносін БДУ адбыўся Міжнародны семінар па тэматыцы сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных інтэграцыйных працэсаў у Еўропе.
Семінар адкрыў прарэктар БДУ С. М. Ходзін, які адзначыў важнасць таго, што пляцоўка ВНУ стала традыцыйнай для абмеркавання такіх значных тэм, як развіццё міжнароднага дыялогу, умацаванне ўзаемаразумення. Пасол па асобых даручэньнях МЗС Беларусі Н. І. Жылевіч падкрэсліла, што Беларусь падчас свайго старшынства ў ЦЕІ галоўнай тэмай вызначыла прасоўванне сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе. Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын адзначыла: "Еўрасаюз падтрымлівае Цэнтральна-Еўрапейскую ініцыятыву, у якой цяпер старшынюе Беларусь, і відавочна ўцягнутасць беларускіх дзяржаўных органаў у еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы". У працы семінара прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх універсітэтаў і грамадскіх аб'яднанняў, замежныя эксперты.
Удзельнікі семінара ў рамках двух секцый абмеркавалі еўрапейскія і еўразійскага інтэграцыйныя працэсы, магчымасці і механізмы іх спалучэння, а таксама разгледзелі перспектывы міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва ў кантэксце інтэграцыйных працэсаў у краінах — членах ЦЕІ.
Удзельнікі з задавальненнем адзначылі, што размова ў рамках семінара ішла па канкрэтных і цалкам рэальных аспектах узаемадзеяння.
{gallery}2017/2017_11_01{/gallery}