Select your language

18 кастрычніка ў Доме дружбы г. Мінска моладзевы клуб "Юны дыпламат" арганізаваў сустрэчу студэнтаў 3 курса спецыяльнасці «Міжнароднае права» з выпускніком факультэта міжнародных адносін БДУ Андрэем Пятровічам Шупляком, які на працягу васьмі гадоў жыў і працаваў дарадцам беларускай амбасады ў Аўстрыі. Сустрэча была прысвечана развіццю беларуска-аўстрыйскіх адносін і праходзіла цалкам на нямецкай мове.

Аўдыторыі была прадстаўлена інфарматыўная прэзентацыя, у якой утрымліваліся агульныя звесткі пра Аўстрыю: геаграфічнае становішча і адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне, архітэктурныя стылі гарадоў і дзяржаўная сімволіка, насельніцтва і органы дзяржаўнага кіравання. У першай частцы прысутныя даведаліся пра паходжанне назвы дзяржавы (Аўстрыя у перакладзе са старажытнанямецкай мовы азначае «ўсходняя краіна»), пра асаблівасці геаграфічнага становішча: большая частка тэрыторыі Аўстрыі пакрываюць горы, і шмат хто ведае гэтую краіну ў першую чаргу менавіта дзякуючы ім. Самая высокая кропка — гара Гросглокнер, другі па вышыні пік у Еўропе.

У другой частцы прэзентацыі прамоўца звярнуў увагу на развіццё беларуска-аўстрыйскіх адносін. Задаўшы пытанне: «Што звязвае Беларусь і Аўстрыю?», Андрэй Пятровіч тым самым вызначыў тэму гутаркі. Былі закрануты пытанні гістарычнага мінулага, сучаснага турыстычнага бізнесу і прыведзены даволі цікавыя дадзеныя эканамічных сувязяў краін. Так, Аўстрыя — адзін з найбуйнейшых беларускіх інвестараў, і кампаніі «Kapsch», «Velcom», «VST Group» і «Прыёрбанк» уваходзяць у склад аўстрыйскіх карпарацый.

Гаворачы пра палітыку, Андрэй Пятровіч запэўніў, што цяперашні палітычны курс Аўстрыі накіраваны на ўпэўненае сяброўства з беларускай дзяржавай. Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Аўстрыйскай Рэспублікай былі ўсталяваныя 5 лютага 1992 г. З 9 лютага 2016 г. у Беларусі дзейнічае Пасольства Рэспублікі Аўстрыя.

У якасці прыкладу супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў згадана праграма аздараўлення і адпачынку ў Аўстрыі дзяцей з Беларусі, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. У заключэнне было сказана, што кантакты і адносіны паміж народамі Беларусі і Аўстрыі маюць значна большае значэнне, чым адносіны паміж палітыкамі.

Пасля выступу адбылася прыемная дыскусія з аўдыторыяй. Андрэй Пятровіч з задавальненнем адказаў на ўсе пытанні, якія цікавілі прысутных, распавёў, дзе можна правесці свой вольны час, даў парады, як больш эфектыўна вывучаць нямецкую мову, падзяліўся гісторыямі свайго мінулага, параўнаў традыцыі Аўстрыі і Беларусі.

Напрыканцы мерапрыемства арганізатарамі была праведзена віктарына, пасля заканчэння якой найбольш уважлівыя і актыўныя слухачы атрымалі прызы: дыскі і кнігі пра Аўстрыю. Члены клуба падрыхтавалі для гасцей музычныя нумары.