Подождите, идет загрузка сайта ...

Японскія студэнты факультэта міжнародных адносін Кент Сано і Са Судзукі прынялі ўдзел у здымках беларускіх фільмаў. Кент і Са падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Улетку 2017 года ў беларускім лесе здымаўся новы незалежны беларускі фільм, адна з галоўных роляў у якім была прапанавана Кент, які ўжо здымаўся ў эпізадычнай ролі ў ваенным фільме і рэкламных роліках. Гэтая роля для Кента стала дэбютам у вялікім кіно.

Кент Сано: Паглядзелі мае фатаграфіі, патэлефанавалі мне і прапанавалі прыехаць на пробы. У той жа дзень увечары былі спробы і мяне зацвердзілі на гэтую ролю. Здымкі пачаліся праз два дні. Часу падумаць не было: усё адбылося вельмі хутка. Гэта вельмі цікавы досвед. Атрымаецца ці не атрымаецца? Я не думаў пра гэта. Я проста рабіў тое, што магу.

Мэтавая аўдыторыя фільма — моладзь, але фільм зацікавіць многіх. У фільме цікавая гісторыя, захапляльны сюжэт, прыгожая прырода Беларусі, беларускі каларыт, погляд замежнікаў. У фільме будуць гучаць беларуская, руская і французская мовы.

Кент Сано: Цікавым было ўсё: здымкі, якія былі нават у вадзе (было холадна, прыйшлося трываць), людзі, прырода (камароў вельмі шмат), зносіны, касцюмы, грым (грым наносілі адразу на твар, а не на маску; нанясенне грыму займала каля гадзіны).

Назва фільма яшчэ не зацверджана, магчымы варыянт «Край». Назва па задуме павінна адлюстроўваць глыбокі сэнс.

Кент Сано: Гэты фільм — першы беларускі моладзевы хорар. Тэхналагічна гэта якаснае і сучаснае кіно. Будзе цікава, смешна і страшна.

Прэм'ера фільма запланаваная на лістапад 2017 года.

Са Судзукі зняўся ў некалькіх эпізадычных ролях, нядаўна была прымерка касцюма для чарговай ролі. Для Са гэта таксама першы вопыт.

Са Судзукі: У Японіі ў мяне не было такіх прапаноў. Я адразу пагадзіўся, таму што мне вельмі хацелася паспрабаваць.

Са і Кент не заканчвалі тэатральных ВНУ, але трапілі на здымачную пляцоўку. Яны прайшлі пробы, і рэжысёры заўважылі іх. Важна не толькі трапіць на кастынг, але і прайсці яго, выканаўшы заданні рэжысёра. Са і Кент вельмі таленавітыя маладыя людзі. Формула іх поспеху ў кіно: талент плюс працаздольнасць.

Са Судзукі: Здымка — гэта вельмі цяжка. Касцюмы, грым, дарога да месца здымак, падрыхтоўка да здымкі. Адна са здымак праходзіла ў вёсцы. Мы вельмі шмат разоў паўтаралі адну маленькую сцэну. У гэтым патоку губляецца адчуванне часу і не адчуваецца стомленасць. Калі я пачуў на здымачнай пляцоўцы: "Дзякуй! Усё! Знята!», я ўбачыў, што ўжо дзевяць вечара, а пачалі мы ў сем раніцы. Толькі пасля слоў: «Знята! Усё!» павольна зараджаецца стомленасць і пачуццё выкананага задання.

Зараз здымаюць шмат, рэжысёры шукаюць новыя твары. Акцёрскае майстэрства Са і Кент ацанілі прафесіяналы. Жадаем нашым хлопцам далейшых поспехаў і новых магчымасцяў для рэалізацыі сябе. Ганарымся нашымі студэнтамі.

Кантактная інфармацыя

  • Адрас: г. Мінск, вул. Ленінградская, 20
  • Паштовы адрас: 220030, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 4
  • Тэлефон: +375 17 209 59 77
  • e-mail: fir@bsu.by

Палітыка ў дачыненні да апрацоўкі cookie-файлаў

Мы ў сацыяльных сетках