Select your language

10 жніўня 2017 года на факультэце міжнародных адносін прайшла сустрэча беларускіх студэнтаў з японскай дэлегацыяй з прэфектуры Фукусіма.

Дэлегацыя прыбыла ў Беларусь 25 ліпеня з мэтай вывучэння вопыту ліквідацыі беларусамі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У склад дэлегацыі ўвайшлі 16 японскіх школьнікаў, іх выкладчыкі і рэпарцёры з розных японскіх выданняў. Члены дэлегацыі былі прадстаўнікамі японскай некамерцыйнай арганізацыі «Happy Road Net». Яны паспелі наведаць Упраўленне па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, ДРАЦ «Пралеска», УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Ф. Скарыны" ў Гомелі і Гомельскай вобласці, а таксама Хойніцкі раённы краязнаўчы музей, ДУА «Стрэлічаўская сярэдняя школа ім. В.М. Марчанка», ААТ «Мілкавіта» у г. Хойнікі, Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

З-за землятрусу, цунамі і аварыі на АЭС «Фукусіма-1» многім японцам давялося пакінуць свае гарады, аднак яны да гэтага часу не пакідаюць спробаў вярнуцца і аднавіць сваю малую радзіму. Для гэтага яны звярнуліся за дапамогай да беларусаў, якія ўжо перажылі экалагічную катастрофу 31 год таму назад.

Усе школьнікі былі з найбольш пацярпелага раёна Хамадоры, многія перажылі эвакуацыю. У сваіх прэзентацыях, прадстаўленых у Гомельскім дзяржаўным універсітэце, Стрэлічаўскай школе і БДУ, навучэнцы змаглі перадаць увесь жах таго, што здарылася. Пазней члены дэлегацыі атрымалі парады ад спецыялістаў у галіне радыялогіі, біялогіі, хіміі, ад беларускіх перасяленцаў-ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС.

На сустрэчы ў БДУ прысутнічалі пасол Японіі ў Беларусі Хірокі Такунага, кіраўнік рабочай групы па супрацоўніцтве з парламентам Японіі прафесар С. К. Рахманаў, а таксама дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ, прафесар В. Г. Шадурскі.

Школьнікі прадставілі свае прэзентацыі і адказалі на пытанні беларускага боку. У сваіх выступах яны гаварылі аб праблеме такіх катастроф не толькі з пункту гледжання распаўсюджвання радыяцыі і разбурэнняў, але і з пункту гледжання чалавечага фактару: адкрытая хлусня ў СМІ ці, наадварот, замоўчванне сітуацыі, стаўленне да іх і да прадукцыі гэтай прэфектуры людзей з іншых раёнаў Японіі.

Тэхнагенныя катастрофы маштабаў ЧАЭС і Фукусімы ўплываюць на ўсё і ўсіх, таму такое супрацоўніцтва і абмен вопытам, міжнародная падтрымка вельмі важныя. Гэта дапамагае згуртаваць людзей на розных канцах свету, дапамагчы вырашыць існуючыя крызісы і не дапусціць новых. Акрамя гэтага ідзе яшчэ і абмен культурамі, пашыраецца кругагляд падрастаючага пакалення.

Для аднаўлення родных гарадоў арганізацыя «Happy Road Net» разам з вучнямі сярэдніх і старэйшых японскіх школ ужо вядуць працу ў розных напрамках, абапіраючыся на ​​вопыт і парады беларусаў. А для беларускага боку гэта супрацоўніцтва з'яўляецца доказам, што нашы дасягненні прызнаныя на міжнароднай арэне, а краіны, якія звяртаюцца да нас па дапамогу, упэўненыя ў іх якасці. 

{gallery}2017/2017_08_10{/gallery}