Па ўжо існуючай традыцыі студэнты і выкладчыкі кафедры міжнароднага турызму 13 і 14 мая здзейснілі сваё чарговае падарожжа па Беларусі. У гэты раз двухдзённы маршрут папярэдне распрацаванай вучэбнай экскурсіі праходзіў па раёнах Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. З унікальнай культурай і багатай гісторыяй Заходняга Палесся экскурсантаў знаёміў лепшы экскурсавод Беларусі 2016 г. Сергей Іванавіч Бусько.
Першым аб'ектам наведвання стаў Слонім, горад, які захоўвае ў сабе рысы былой велічы часоў Льва Сапегі і князёў Агінскіх. Духоўна-маральны бок падарожжа дапоўніў размешчаны па суседстве прэтэндэнт на ўключэнне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА унікальны храм абарончага тыпу ў в. Сынкавічы, дзе захоўваецца цудатворны абраз Божай Маці «Усецарыца».
Далей удзельнікаў тура гасцінна сустракалі гаспадары сядзібнага комплексу «Верас». Студэнты высока ацанілі прыгажосць ландшафтнага дызайну аграсядзібы, смачны абед з страў нацыянальнай кухні і магчымасці для адпачынку, прапанаваныя турыстам, а таксама пераканаліся ў тым, што «Верас» па праву прызнаны лепшай аграсядзібай Беларусі 2016 г.
Наступным аб'ектам экскурсіі стаў дом-музей Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне. Там удзельнікі даведаліся аб жыцці нашага славутага земляка, які дзякуючы сваей мужнасці і ваеннаму майстэрству стаў нацыянальным героем Беларусі, Польшчы і ЗША, а таксама ганаровым грамадзянінам Францыі. Яркія ўражанні пакінулі архітэктурныя ансамблі Сапегаў у Ружанах і Пуслоўскіх у Косава.
З багатай і унікальнай культурай палешукоў-маталян удзельнікі экскурсіі пазнаёміліся ў Музеі народнай творчасці ў мястэчку Моталь. Займальную экскурсію па музеі дапоўніла выступленне мясцовага фальклорнага ансамбля "Мотольскiя суседзi".
Завяршальным элементам тура стаў горад Пінск, архітэктура якога ўвабрала ў сябе ўсю складаную гісторыю Заходняга Палесся. Падчас пешаходнай прагулкі па гістарычным цэнтры горада экскурсанты агледзелі палац Бутрымовіча, езуіцкі калегіум, францысканскі сабор са званіцай, празванай «Пізанская вежа» і многія іншыя славутасці. Цікава было даведацца пра тое, як шмат знакамітых людзей калісьці жыло ці вучылася ў гэтым горадзе. Гэта першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, класік беларускай літаратуры Якуб Колас, першы беларускі кардынал Казімір Свёнтак, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Сайман Каваль і многія іншыя.
За арганізацыю і правядзенне найцікавейшай экскурсіі яе ўдзельнікі выказваюць сардэчную падзяку экскурсаводу Сяргею Бусько, дырэктару турыстычнай кампаніі «Навагрудак-тур» Антону Крывапусту, а таксама гаспадарам аграсядзібы "Верас" Ірыне і Міхаілу Макей.
{gallery}2017/2017_05_14{/gallery}