Select your language

24 сакавіка адбылася сустрэча студэнтаў факультэта міжнародных адносін са старшынёй Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай царквы, дацэнтам Мінскай духоўнай акадэміі, доктарам тэалогіі, настаяцелем Праабражэнскай царквы, блогерам – протаіерэем Сергіем Лепіным. Тэма сустрэчы – «Хрысціянства: як гэта працуе». У ходзе мерапрыемства айцец Сергій раскрыў студэнтам сутнасць хрысціянства як асаблівай рэлігіі, у аснове якой ляжыць вучэнне пра адкупленчую ахвяру Ісуса Хрыста, які прыйшоў на зямлю для Выратавання чалавека ад граху.

Гутарка выклікала мноства пытанняў і дыскусію ў студэнцкай аўдыторыі, што паказвае на наяўнасць цікавасці ў моладзі да рэлігійных каштоўнасцяў.

Сустрэча была арганізавана кафедрай англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў і ініцыявана старшым выкладчыкам А. В. Бабуком.

Айцец Сергій Лепін шырока вядомы дзякуючы свайму Жывому Журналу, з дапамогай якога бацюшка ўжо больш за 15 гадоў запальвае сэрцы людзей, прапаведуючы ў інтэрнэт-прасторы і абмяркоўваючы актуальныя пытанні як рэлігійнага, так і свецкага жыцця сучаснага чалавека.

Нагадаем, што запрашэнне духоўных асоб у вышэйшыя навучальныя ўстановы ажыццяўляецца ў рамках праграмы супрацоўніцтва, падпісанай паміж Міністэрствам адукацыі РБ і БПЦ на 2015—2020 гады. Праграма прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку і такія як «аб'яднанне намаганняў органаў кіравання адукацыяй, устаноў адукацыі, царкоўных і грамадскіх арганізацый для выкарыстання патэнцыялу праваслаўных традыцый і каштоўнасцяў у фармаванні асобы чалавека».

Кіраўніцтва факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і выкладчыкі кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў выказваюць шчырую падзяку за магчымасць зносін студэнтаў з духоўнымі асобамі.

Спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва з айцом Сергіем і Беларускай Праваслаўнай царквой.