У рамках Адкрытай алімпіяды БДУ па сусветнай эканоміцы і Тыдня студэнцкай навукі ФМА БДУ 1 сакавіка на факультэце міжнародных адносін (аўдыторыя 1302) адбудзецца лекцыя кіраўніка прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Аляксандра Піваварскага. Пачатак мерапрыемства ў 18.00.
Выступ пройдзе пад агульнай тэмай «Investing in EBRD's region: Belarus». Падчас гэтай сустрэчы можна будзе больш падрабязна пазнаць аб дзейнасці ЕБРР і асаблівасцях яго працы ў Беларусі, а таксама задаць пытанні.
На сустрэчу запрашаюцца студэнты, магістранты, аспіранты і супрацоўнікі БДУ.
Абавязковая рэгістрацыя на мерапрыемства адкрыта да 23.00 28 лютага ТУТ
Даведка.
Да прызначэння на пасаду кіраўніка прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Аляксандр Піваварскі займаў пазіцыю намесніка кіраўніка офісу. Ён прыйшоў у банк у 2008 годзе: каардынаваў пытанні эканамічнага аналізу і распрацоўкі стратэгій для краін Усходняй Еўропы і Каўказу. Таксама кіраваў дзейнасцю эканамістаў па ацэнцы краінавых рызык.
Раней, у 2001—2008 гадах, працаваў эканамістам у Міжнародным валютным фондзе і ўдзельнічаў ва ўзгадненні праграм стабілізацыі для розных краін па ўсім свеце. У 1996—2001-х кіраваў праграмай кансультавання па пытаннях рэформаў ва Украіне ў Гарвардскім інстытуце міжнароднага развіцця.
Аляксандр Піваварскі мае ступень магістра і доктара Гарвардскага ўніверсітэта ў сферы дзяржаўнай палітыкі, а таксама дыплом гісторыка, атрыманы ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце ім. Тараса Шаўчэнкі.