Факультэт міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўжо каторы раз прымаў дэлегацыю каталіцкага Універсітэта Св. Тамаша з Мінесоты (ЗША).
У чацвер, 12 студзеня 2017 г., у будынку факультэта адбылася сустрэча студэнтаў спецыяльнасцяў "Міжнародныя адносіны", "Сусветная эканоміка", "Міжнароднае права" з гасцямі з ЗША. Сустрэча прайшла ў рамках пяцідзённага візіту амерыканскіх студэнтаў у Беларусь, які быў накіраваны на вывучэнне гісторыі і палітыкі краіны. Рабочай мовай сустрэчы была англійская.
Група з 24-х студэнтаў, якія вывучаюць паліталогію, на чале з доктарам філасофскіх навук, прафесарам Кеннетам В. Кемпам і кандыдатам палітычных навук, дацэнтам Кэтлін Вінтэрс наведала інтэрактыўныя лекцыі з удзелам дэкана факультэта, доктара гістарычных навук, прафесара Віктара Генадзьевіча Шадурскага, доктара філасофскіх навук , прафесара Аляксандра Мухтаровіча Байчорава, а таксама кандыдата гістарычных навук, дацэнта Уладзіслава Валер'евіча Фральцова.
Дэкан факультэта В. Г. Шадурскі распавёў студэнтам-замежнікам пра БДУ, зрабіўшы таксама экскурс у гісторыю супрацоўніцтва паміж дзвюма навучальнымі ўстановамі.
Дадзенае мерапрыемства аказалася вельмі карысным для нашых гасцей, паколькі яны атрымалі магчымасць асабіста задаць цікавячыя іх пытанні па доследнай вобласці – рэгіёну Усходняй Еўропы – спецыялістам-дакладчыкам. У ходзе лекцый студэнты з ЗША змаглі ўзбагаціць свае веды па актуальных тэндэнцыях развіцця міжнародных адносін на постсавецкай прасторы.
Пазней удзельнікі сустрэчы змаглі пагутарыць паміж сабой на розныя тэмы, што спрыяла больш блізкаму знаёмству. Госці падзяліліся сваімі ведамі і ўражаннямі пра Беларусь, актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні як сучасных моладзевых трэндаў, універсітэцкага жыцця, так і актуальных палітычных з'яў і тэндэнцый.
На развітанне студэнты з Беларусі і ЗША абмяняліся кантактамі і дамовіліся падтрымліваць сувязь і пасля сустрэчы. Студэнты ФМА вярнуліся да экзаменацыйнай сесіі, а амерыканскія студэнты працягнулі вывучаць Беларусь.
Важны таксама той факт, што беларускія студэнты атрымалі магчымасць жывых зносін з носьбітамі мовы на прафесійныя тэмы. Будзем спадзявацца, што падобныя адукацыйныя ініцыятывы будуць спрыяць пашырэнню беларуска-амерыканскага міжкультурнага дыялогу. Кіраўніцтва факультэта выказвае падзяку выкладчыкам кафедры міжнародных адносін, кафедры англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў і студэнтам, якія змаглі, нягледзячы на загружанасць падчас сесіі, прыняць удзел у мерапрыемстве.
Дар'я Панамарова, студэнтка 3 курса,
Дзмітрый Бялько, студэнт 1 курса
{gallery}2017/2017_01_12{/gallery}