Select your language

11 студзеня 2017 г. Мінская рэгіянальная мытня адзначыла свой 95-гадовы юбілей. На будынку па вул. Ленінградская 6, у якім цяпер знаходзіцца корпус Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, урачыста адкрыта мемарыяльная дошка. У гэтым доме ў 1922—1928 гг. размяшчалася Мінская мытня.

11 студзеня 1922 г. у адпаведнасці з Загадам № 3 Упраўлення Упаўнаважанага Народнага камісарыята Знешняй гандлю пры ССРБ ў Мінску адкрылася мытня. У 1923—1924 гг. пры Мінскай мытні для ўдасканалення прафесійнай падрыхтоўкі мытных кадраў працавалі 3-месячныя курсы павышэння кваліфікацыі, дзе навучанне вялі і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1924 г. у мытні мелася паштовае аддзяленне для дагляду міжнародных паштовых адпраўленняў. У 1925 г. у Пухавічах пачаў працу гадавальнік службова-вышуковых сабак. Мытні падпарадкоўваўся і Смаленскі авіяцыйны мытны пост. У тыя гады Мінская мытня была найбуйнейшай на тэрыторыі БССР і прыносіла найбольшы даход у казну.

Цяпер 11 студзеня лічыцца афіцыйным днём стварэння Мінскай рэгіянальнай мытні, адной з найбуйнейшых у краіне. У агульнай суме даходаў бюджэту ад дзейнасці мытных органаў штогадовая доля Мінскай рэгіянальнай мытні перавышае 57%.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця памятнай дошкі прымалі ўдзел не толькі супрацоўнікі мытні на чале з яе начальнікам А. А. Валіевым, але і Н. А. Свірыд, намеснік Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі мытных устаноў Мінска і Мінскай вобласці, ветэраны мытных органаў , іншыя запрошаныя асобы. Ад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў мерапрыемстве ўдзельнічалі дэкан ФМА прафесар В. Г. Шадурскі і загадчык кафедры мытнай справы дацэнт В. А. Астрога, які ў сваім выступе падкрэсліў існуючую пераемнасць слаўных традыцый мінскіх мытнікаў 1920-х гг. іх спадкаемцамі XXI стагоддзя.

Глядіце рэпартаж ОНТ па спасылцы:  http://ont.by/news/our_news/95-letnij-yubilej-otmechaet-minskaya-regionalnaya-tamozhnya

{gallery}2017/2017_01_11{/gallery}