Select your language

2015_11_18З 11 па 14 лістапада 2015 г. на факультэце міжнародных адносін БДУ адбылося чарговае Мадэляванне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Мадэляванне ААН на ФМА БДУ праводзіцца кожныя паўгода, збіраючы студэнтаў з розных вышэйшых навучальных устаноў краіны. На гэты раз у мадэляванні прынялі ўдзел каля сотні студэнтаў, якія прадстаўлялі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, а таксама Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

У гэты раз была дадзена магчымасць прыняць удзел у мадэляванні 4 органаў ААН на выбар: Савета Бяспекі (на англійскай альбо на французскай мове), Эканамічнага і Сацыяльнага Савета (на англійскай мове) і Камісіі міжнароднага права (на рускай мове).

Згодна з традыцыямі ў першы дзень, 11 лістапада, для ўдзельнікаў былі праведзены трэнінгі, дзе прагучалі тлумачэнні правілаў працэдуры ў выбраных імі для ўдзелу органах; таксама старшыні мадэляваных органаў далі парады ўдзельнікам па падрыхтоўцы да пасяджэнняў і азнаёмілі з праграмай Мадэлявання.

Другі дзень, 12 лістапада, пачаўся з урачыстага адкрыцця Мадэлявання, на якім з прывітальным словам выступіў намеснік дэкана ФМА БДУ Андрэй Уладзіміравіч Селіванаў. У прывітальнай прамове была выказана падзяка ўсім удзельнікам за праяўленую цікавасць, падкрэслена важнасць Мадэлі для развіцця прафесійных якасцяў удзельнікаў, у прыватнасці, навыкаў прыняцця рашэнняў у міжнародных адносінах. Затым удзельнікі разышліся па аўдыторыях, каб непасрэдна прыступіць да мадэлявання працы структур ААН.

Два дні, 12 і 13 лістапада, прайшлі ў актыўных дэбатах. Дэлегаты імкнуліся знайсці вырашэнне глабальных праблем, вынесеных на парадак дня, улічваючы нацыянальныя інтарэсы прадстаўляемых імі краіны.

На парадак дня ў Савеце Бяспекі (мадэляваных на англійскай мове) былі вынесеныя дзве тэмы: узброены канфлікт у Сірыі і тэрарыстычная пагроза ў Емене. У выніку працяглых дэбатаў, на жаль, краіны так і не змаглі прыйсці да кансэнсусу; ні адна з рэзалюцый не была прынятая ў выніку прымянення права вета адным з пастаянных членаў мадэляванага органа.

У сваю чаргу мадэляваны на французскай мове Савет Бяспекі стаў прыкладам каардынацыі намаганняў для дасягнення дамоўленасцей у сферы вырашэння глабальных праблем. Павесткамі дадзенага камітэта сталі тэрарыстычныя дзеянні Ісламскай дзяржавы як пагроза сусветнай супольнасці і ўдзел дзяцей ва ўзброеных канфліктах. На працягу двух дзён дэлегаты дэманстравалі выдатнае валоданне французскай мовай і глыбокія веды ў сферы міжнародных адносін. Па выніках працы камітэта было прынята дзве рэзалюцыі   (S/RES/4 (2015) ; S/RES/5 (2015)). 

У Эканамічным і Сацыяльным Савеце на парадку дня стаялі праблемы, рашэнне якіх напрамую прывядзе сусветную супольнасць да дасягнення некаторых Мэтаў ўстойлівага развіцця, а менавіта, ліквідацыя голаду і ўстойлівыя гарады ў Паўднёвай Азіі. Варта адзначыць, што дадзены камітэт стаў самым шматлікім. Удзельнікам было нялёгка дасягнуць кансэнсусу і выпрацаваць агульную лінію дзеянняў. Тым не менш, абодва дні адзначыліся прыняццем рэзалюцый  (E/RES/2 (2015) і  E/RES/3 (2015)). 

Камісія міжнароднага права была змадэлявана ўпершыню і з'яўлялася мадыфікаванай. Удзельнікі выступалі не ў асабістай якасці, а прадстаўлялі краіны экспертаў, якія ўваходзяць у склад Камісіі. Галоўная мэта мадэлявання была дасягнута — удзельнікі змаглі па-сапраўднаму акунуцца ў свет міжнароднага права, адчуць сябе экспертамі і выпрацаваць праекты артыкулаў па наступных тэматыках:  адказнасць транснацыянальных кампаній за парушэнне правоў чалавека і ўрэгуляванне прававога становішча прыватных ваенных кампаній  (ILC/1 (2015) і  ILC/2 (2015)). 

У заключны дзень Мадэлявання, 14 лістапада, удзельнікам была прадастаўлена магчымасць азнаёміцца з работай ААН у нестандартнай абстаноўцы. Адбылася надзвычайная сесія Генеральнай Асамблеі (на рускай, англійскай і французскай мовах), тэмай якой стала гібель грамадзянскіх асоб у выніку правядзення ваенных аперацый па барацьбе з тэрарызмам. Дэлегаты ў кароткі тэрмін павінны былі выпрацаваць эфектыўныя рашэнні для аднаўлення міжнароднага міру і бяспекі. З'яднаўшыся, удзельнікі змаглі выпрацаваць пэўныя рашэнні  (A/RES/ES_2015_2/3 і  A/RES/ES_2015_2/4).

Дэлегаты ўшанавалі памяць ахвяр тэрактаў у Парыжы хвілінай маўчання.

Пасля заканчэння надзвычайнай сесіі былі падведзены вынікі Мадэлявання ААН на ФМА 2015/2. З заключнай прамовай выступіў намеснік дэкана ФМА А. В. Селіванаў, а затым былі абраныя лепшыя дэлегаты камітэтаў, якімі сталі:

У Савеце Бяспекі (на англійскай мове): Мар'яна Чабанян (Злучаныя Штаты Амерыкі) і Вадзім Кісялёў (Расійская Федэрацыя).

У Савеце Бяспекі (на французскай мове): Лізавета Чаканава (Вялікабрытанія) і Павел Штэпа (Чылі).

У Эканамічным і Сацыяльным Савеце: Крысціна Рудакевіч (Бразілія) і Марыя Мухаева (Калумбія).

У Камісіі міжнароднага права: Ксенія Волкава (Катар) і Арцём Семерыкоў (Чэхія).

Згодна з традыцыі ў час правядзення Мадэлявання праходзіў конкурс на лепшае фота ў сацыяльнай сетцы Instagram, пераможцамі якога сталі Юлія Ворык, Маргарыта Альховік і Ганна Лукіна.

Усім удзельнікам былі ўручаны сертыфікаты аб удзеле, а пераможцам — памятныя прызы і дыпломы.

{gallery}2015/2015_11_14{/gallery}