Конкурс на суісканне прэмій імя У. І. Пічэты і А. Н. Сеўчанкі 2015 г. у намінацыі «Навука» завершаны. Дыпломы лаўрэатам будуць уручаны на ўрачыстым пасяджэнні Савета БДУ, прысвечаным 94-годдзю з дня заснавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
На пасяджэнні Прэзідыума Камісіі па прысуджэнні прэміі імя У. І. Пічэты 18. 09. 2015 г. большасць галасоў атрымала работа «Фундаментальнае даследаванне працэсу нацыянальнай камунікацыі» і серыя навуковай літаратуры пад агульнай назвай "Беларуская журналiстыка».
Аўтар — прафесар кафедры гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ Інстытута журналістыкі, доктар гістарычных навук Слука Алег Георгіевіч.
У намінацыі "Навука" прэміі імя У. І. Пічэты і А. Н. Сеўчанкі прысуджаюцца таксама і маладым навукоўцам.
Перамогу ў конкурсе на атрыманне прэміі імя У. І. Пічэты 2015 г. сярод маладых навукоўцаў падзялілі дзве працы.
Гэта серыя навуковых прац па праблематыцы інавацыйнага развіцця сусветнай эканомікі з дапамогай новых формаў фінансавання і падтрымкі прадпрымальніцтва, якую прадставіла Малашанкава Вольга Фёдараўна — намеснік дэкана па навуковай рабоце ФМА, дацэнт кафедры міжнародных эканамічных адносін, кандыдат эканамічных навук, дацэнт,
а таксама цыкл навуковых прац па ваеннай і палітычнай гісторыі Расіі, Беларусі і Польшчы XVIII — першай чвэрці XIX стст., аўтар якога Лукашэвіч Андрэй Міхайлавіч — дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу, доктар гістарычных навук.
Напярэдадні ўручэння дыпломаў лаўрэаты прадставяць працы, якія атрымалі прызнанне, навуковай грамадскасці БДУ.
Пераможцы конкурсу на атрыманне прэміі ім. У. І. Пічэты сярод маладых навукоўцаў прадставяць працы на сваіх факультэтах: 19 кастрычніка ў 17.40 у аўдыторыі №42а гістарычнага факультэта па адрасе: вул. Чырвонаармейская, 6; а таксама 29 кастрычніка ў 12.00 у аўдыторыі №1302 факультэта міжнародных адносін па адрасе: вул. Ленінградская, 20.
Дэканат факультэта віншуе Вольгу Фёдараўна Малашанкаву з перамогай і жадае далейшых поспехаў і новых перамог!