6 кастрычніка ў ДУА «Сярэдняя школа № 170 г. Мінска» прайшло адкрыццё выставы «Веды — сіла», прысвечанай гісторыі адукацыі на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя створана на аснове прыватнай калекцыі гісторыка, даследчыка, рэстаўратара Ігара Міхайлавіча Бабіцкага.
Нягледзячы на тое, што выстава займае сціплую плошчу навучальнага кабінета, было шмат жадаючых першымі патрапіць на экспазіцыю: вучні і настаўнікі суседніх школ і гімназій, прадстаўнікі СМІ, выкладчыкі кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў ФМА БДУ.
Уступнае слова прамовіў дырэктар школы Яўген Пятровіч Гунько: «Многія прадметы з калекцыі могуць быць незнаёмымі для сучаснага школьніка: грыфельныя дошкі замест сшыткаў, чарнільныя ручкі, прамакаткі. Але вось на шпаргалкі савецкіх выпускнікоў ім дакладна будзе цікава паглядзець».
Калекцыя, прадстаўленая на выставе, вельмі разнастайная. «Кожны зверне ўвагу на нешта асаблівае. Аднаго зацікавяць найбольш старажытныя артэфакты: кніга на царкоўнаславянскай мове, чарніліца і гусінае пяро канца 18 стагоддзя, іншага прыцягнуць савецкія рэліквіі: калекцыя значкоў, горан, барабан, піянерскія гальштукі. А вось адзін з маіх любімых экспанатаў: абрывак нямецкай карты, а на адваротным баку — матэматычныя вылічэнні савецкага вучня », — каментуе Ігар Міхайлавіч.
На адкрыцці выставы таксама прысутнічалі «жывыя манекены» — вучні 170-й школы ў арыгінальнай вучнёўскай вопратцы мінулых гадоў. Дзяўчынка-акцябронак, падлетак-піянер у пілотцы і з чырвоным гальштукам, юнак-камсамолец ў блакітнай кашулі і шырокіх сініх штанах ... А адзін з манекенаў быў апрануты ў парадную школьную форму пасляваеннага перыяду — шарсцяныя штаны, белая кашуля з раменьчыкам і фуражка. Дарэчы, партфель, парта і пісьмовыя прылады таксама з'яўляюцца атрыбутамі той эпохі.
Экспазіцыя будзе знаходзіцца ў сярэдняй школе № 170 яшчэ два месяцы. Дырэктар школы запрашае ўсіх жадаючых наведаць выставу па папярэдняй дамоўленасці.
А. А. Белавусава, Л. С. Ахраменка, выкладчыкі кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў
{gallery}2015/2015_10_08{/gallery}