На зямлі жыве больш за 7 мільярдаў чалавек, і кожны з нас індывідуальны і непаўторны. Як бы ні спрабавала паглынуць нас глабалізацыя, як бы ні стараліся нас асерадніць мода, рэклама і транснацыянальныя кампаніі, мы ўсё роўна розныя. І розныя мы не толькі з-за свайго характару або захапленняў, а з-за таго, у якім асяроддзі фармуюцца нашы духоўныя каштоўнасці. Можна доўга разважаць пра тое, што вакол нас шмат стэрэатыпаў у дачыненні да іншых нацыянальнасцяў, але як бы там ні было, грамадства, у якім ты вырас, і ўклад жыцця, сярод якога ты развіваўся, заўсёды застаюцца з табой.
Існуе мноства рэчаў, непрымальных у адным грамадстве, і ў той жа час звычайных — у іншым. Менавіта на іх будуюцца культурныя асаблівасці, і менавіта яны становяцца прычынай непаразумення і рознагалоссяў паміж людзьмі розных нацыянальнасцей. Але калі ў паўсядзённым жыцці такія канфлікты лёгка вырашыць жартам або займальнай гутаркай аб тым, якія ж мы ўсё ж такі розныя, то ў сферы бізнэсу такія рознагалоссі могуць нанесці значны ўрон справе. Менавіта таму тэма культурных адрозненняў у міжнародным бізнэсе ніколі не перастане быць актуальнай. З дадзеным пунктам гледжання салідарна загадчыца кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў дац. Святлана Аляксееўна Дубінка, якая выступіла арганізатарам штогадовых дыпламатычных чытанняў, што прайшлі 30 верасеня 2015 г. У секцыі "Дзелавыя культуры ў міжнародным бізнэсе» з задавальненнем паўдзельнічалі студэнты 5 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка». Таксама не засталіся абыякавымі да тэмы міжкультурных камунікацый у бізнэс асяроддзі запрошаныя госці — удзельнікі Клуба навуковых дыскусій на англійскай мове, навукоўцы НАН.
Па традыцыі студэнты расказалі пра асаблівасці вядзення бізнэсу прадстаўнікамі асобных культур. Не засталіся без увагі такія краіны, як Канада, Вялікабрытанія, Германія, Турцыя і ЗША. Найбольш папулярнай тэмай у гэтым годзе сталі адрозненні ў падыходзе да рэкламы ў розных краінах. Гэта і не дзіўна, бо менавіта маркетынг, і ў прыватнасці рэклама, адлюстроўвае культурныя каштоўнасці насельніцтва.
Такім чынам, студэнты змаглі на канкрэтных прыкладах паказаць, наколькі істотныя адрозненні ў нацыянальным і культурным паходжанні людзей і як небяспечна іх недаацэньваць. Больш за тое, важна разумець, што, нягледзячы на цяперашнія працэсы глабалізацыі, шлях да паспяховых і прадуктыўных узаемаадносінаў паміж людзьмі з розных краін ляжыць праз талерантнасць і персанальны падыход да кожнай асобы.
Кацярына Міхайлоўская, студэнтка 5 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка"
{gallery}2015/2015_09_30{/gallery}