У перыяд з 22 жніўня па 20 верасня 2015 выкладчык кафедры міжнароднага турызму, аспірант кафедры міжнародных эканамічных адносін Н. В. Казарына ўдзельнічала ў міжнародным семінары для маладых навукоўцаў па пытаннях эканамічнага развіцця. Семінар быў арганізаваны Акадэміяй грамадскіх навук Кітая і праводзіўся на базе Вышэйшай школы Акадэміі грамадскіх навук Кітая (Пекін, КНР).
У рамках семінара ажыццяўляліся выступленні вядучых кітайскіх навукоўцаў па такіх пытаннях, як прамысловае развіццё і палітыка індустрыялізацыі КНР, фінансавае рэгуляванне і нагляд, ініцыятыва «Адзін пояс, адна дарога», сістэма сацыяльнага забеспячэння, мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі і развіццё сельскіх раёнаў; былі арганізаваны тэматычныя групавыя дыскусіі і выязныя экскурсіі ў інстытут эканомікі і інстытут марксізму пры Акадэміі.
Арганізатарамі вялікая ўвага надавалася працэсу знаёмства з Паднябеснай, яе звычаямі і традыцыямі. Наведванне Летняга імператарскага палаца і Забароненага горада, пад'ём на Кітайскую сцяну, падарожжа ў чайную правінцыю Гуйчжоу дазволілі ўдзельнікам акунуцца ў атмасферу Кітая, на сабе адчуць веліч краіны.
Па заканчэнні семінара быў выдадзены сертыфікат удзельніка і выказаны надзеі на далейшае плённае супрацоўніцтва.
