
12 верасня па дарозе да спарткомплексу "Універсітэцкі», я ўспамінала свае «Вялікія гонкі» трохгадовай даўнасці. Мы сустрэліся з аднакурснікамі ля будынка факультэта і ўсе разам накіраваліся на спаборніцтвы: хто ўдзельнічаць, а хто хварэць за ўдзельнікаў. Я была сярод заўзятараў, таму памятаю, як мы зрывалі галасы, нястомна падтрымліваючы каманды, якія змагаліся за першынство. Зараз я разумею, што гэта мерапрыемства дапамагло малазнаёмым юнакам і дзяўчатам, якім трэба было вучыцца разам наступныя 4 гады, лепш пазнаць адзін аднаго. Па словах Васіля Андрэевіча Амялюсіка, старэйшага выкладчыка кафедры фізвыхавання, адказнага за арганізацыю і правядзенне відовішчных конкурсаў «Вялікіх гонак», «дапамагчы нядаўна сустрэўшамся студэнтам згуртавацца — адна з задач спаборніцтваў». Не будзе перабольшаннем сказаць, што гэтая мэта паспяхова дасягаецца ўжо на працягу 5 гадоў.
Як з'явілася ідэя «Вялікіх гонак» і як ёй удаецца прыцягваць увагу студэнтаў?
— Першапачаткова гэта было ініцыятывай Студэнцкага саюза БДУ, — распавядае Васіль Андрэевіч. — Першае спаборніцтва праходзіла ў Парку Перамогі, ля Камсамольскага возера. Аднак месца правядзення конкурсаў прыйшлося перанесці ў спарткомплекс, паколькі гледачам было нязручна назіраць за тым, што адбываецца. Цікавасць жа ў публікі і ўдзельнікаў дасягаецца дзякуючы дбайнай падрыхтоўцы і арганізацыі мерапрыемства, а таксама вялікую ролю адыгрывае распаўсюджванне інфармацыі пра гэтую падзею. Плюс важныя мэты «Вялікіх гонак». Першая з іх — развіць пачуццё калектывізму, даць магчымасць кожнаму праявіць сябе і знайсьці сваё месца ў камандзе. І ў гэтым плане спартыўная пляцоўка — выдатнае месца для праяўлення лідэрскіх якасцяў. Другая мэта — дасягненне аздараўленчага эфекту і прапаганда здаровага ладу жыцця. Гэтыя задачы цалкам традыцыйныя, і кафедра фізвыхавання робіць усё магчымае для іх выканання.
Якія змены могуць чакаць у будучыні «Вялікія гонкі»?
— Спаборніцтва можна развіваць у двух кірунках: спартыўным і канцэртным. Калі мы гаворым пра канцэртную праграму, то патрэбны пэўныя ўмовы, у прыватнасці, закрытая зала, аднак пакуль што такую магчымасць не ўдаецца прадаставіць. У спартыўным плане можна мяняць самі конкурсы, аднак трэба памятаць аб адным «але» — спартыўны прынцып: усе павінны быць у роўных зыходных умовах. Гэта забяспечваецца правіламі спаборніцтваў, у адпаведнасці з якімі і праводзіцца мерапрыемства. Але, на маю думку, на сённяшні дзень фармат саміх «Гонак» змяняць не трэба: яны аптымальныя па часу, досыць відовішчныя, і галоўнае — ўсе ўдзельнікі знаходзяцца ў роўных умовах, а перамагае ўжо наймацнейшы, — дзеліцца Васіль Андрэевіч.
«Чорны — хіт сезону».
У гэтым годзе на час правядзення «Гонак» кожнай спецыяльнасці быў дадзены свой колер, з дапамогай якога заўзятары маглі падтрымліваць каманду, і табліца вынікаў спартландыі афарбавалася ў наступныя колеру:
7 месца — лінгвакраіназнаўства — сіні;
6 месца — міжнародныя адносіны — белы;
5 месца — мытная справа — жоўты;
4 месца — міжнародны турызм — чырвоны;
3 месца — сусветная эканоміка — зялёны;
2 месца — каманда выкладчыкаў;
1 месца — міжнароднае права — чорны.
У конкурсе «Сутычка» перамогу атрымала каманда міжнароднага турызму, а лепшую групу падтрымкі склалі заўзятары спецыяльнасці "Сусветная эканоміка."
Віншуем усіх удзельнікаў з адбыўшымся святам спорту, а «Вялікія гонкі» — з першым юбілеем!
{gallery}2015/2015_09_12{/gallery}