24 мая 2015 года студэнты 1 курса аддзялення «Мытная справа" факультэта міжнародных адносін Віталь Хамічонак, Дар'я Кашчэева, Алеся Яцэйка і Ангеліна Вараб'ёва па ініцыятыве старшага выкладчыка кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў К. В. Грыневіч здзейснілі паездку ў вёску Прылукі (15 км ад Мінска), мэтай якой была дапамога ва ўборцы тэрыторыі ад смецця. Акрамя гэтага, студэнты выдатна правялі час у кампаніі дырэктара гісторыка-культурнага фонду «Ляліва» Івана Іванавіча Гардзіеўскага.
Вёска Прылукі вылучаецца тым, што там знаходзіцца сядзіба графа Чапскага. У гэтым годзе былому мэру г. Мінска споўнілася б 155 гадоў. Фонд «Ляліва» спрабуе заручыцца падтрымкай дзяржавы для таго, каб сядзіба і тэрыторыя вакол яе вярнулі сабе ранейшую славу, прыцягвалі турыстаў і былі рэнтабельныя. Іван Іванавіч падзяліўся сваімі ідэямі наконт таго, як будзе выглядаць гэта месца ў найбліжэйшай будучыні: "Плануецца стварэнне культурна-забаўляльнага цэнтра і агравескі, дзе будуць выкарыстоўвацца альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, дзе можна будзе адпачыць, заняцца спортам і экатурызмам, атрымаць асалоду ад побыта і культуры беларускага народа. Тэрыторыя дазваляе пабудаваць гасцініцы, зрабіць роварныя трасы, нават для веласіпедыстаў-экстрэмалаў, экалагічную сцежку ўздоўж ракі Пціч. І гэта далёка яшчэ не ўсё».
Спачатку Іван Іванавіч правёў экскурсію па мясцовасці: хлопцы ўбачылі саму сядзібу і прайшлі па экасцяжыне. Пасля гэтага Іван Іванавіч пачаставаў студэнтаў мясцовай кухняй ў выглядзе кашы з тушонкай (атрымалася даволі смачна). Студэнты паназіралі за мясцовымі хатнімі жывёламі, убачылі шмат рарытэтных рэчаў і ваенную тэхніку мінулага стагоддзя. Паездка ўдалася, а студэнты ФМА і ў далейшым вырашылі прымаць удзел у працы на сядзібе. У будучыні яны змогуць самі прыязджаць сюды і добра праводзіць час з сябрамі, бацькамі і аднагрупнікамі. Гэта месца чакае добрая будучыня, а дапамагаць яго тварыць будуць студэнты факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Тэкст: Віталь Хамічонак, студэнт 1 курса аддзялення «Мытная справа».
Фота: Дар'я Кашчэева
{gallery}2015/2015_05_24{/gallery}