Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Германіяй былі ўстаноўлены 12 сакавіка 1992 года, г. зн. 23 гады таму. Гэтай падзеі было прысвечана мерапрыемства ў Беларускім таварыстве дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, на якое былі запрошаны Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі спадар Вальфрам Маас, кіраўнікі аддзелаў палітыкі, эканомікі і культуры Пасольства ФРГ у РБ, работнікі МЗС РБ, прадстаўнікі міжнародных дзіцячых фондаў Аўстрыі, Германіі і Беларусі, старшыні грамадскіх аб'яднанняў, міжнародных арганізацый, ветэраны 2-й сусветнай вайны, пісьменнікі, члены моладзевых саюзаў. Наш факультэт прадстаўлялі студэнты 1 курса пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў Л. М. Загорскай.
Усе прысутныя з вялікай цікавасцю і ўвагай заслухалі выступленне спадара Вальфрама Мааса на тэму двухбаковых адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Германияй. Шмат увагі было ўдзелена пытанню двухбаковых адносін у галіне эканомікі і культуры. Прыярытэтамі культурнага супрацоўніцтва паміж краінамі з'яўляюцца сферы адукацыі і навукі, папулярызацыя нямецкай мовы, а таксама музыка, тэатр і выставы. Курыруе гэтую працу Інстытут ім. Гётэ. Германская служба акадэмічных абменаў паспяхова садзейнічае развіццю сувязяў паміж ВНУ Беларусі і Германіі і выдзяляе стыпендыі. Спадар пасол падкрэсліў, што Беларусь — гэта еўрапейская краіна, з якой трэба ўмацоўваць сувязі і рэалізоўваць сумесныя праекты. Ён таксама адзначыў прыязнасць і добразычлівасць беларусаў і ўказаў на неабходнасць развіцця кантактаў паміж людзьмі.
Пасля іншых выступленняў усе прысутныя былі запрошаны на канцэрт, падрыхтаваны навучэнцамі рэспубліканскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя. І. В. Ахрэмчыка. Падчас нефармальнай часткі мерапрыемства нашы студэнты мелі магчымасць пагутарыць са спадаром Вальфрам Маас на нямецкай і англійскай мовах.
