29 кастрычніка 2026 г. адбылося пасяджэнне СНДЛ "Знешняя палітыка і дыпламатыя ў сучасных міжнародных адносінах: прыкладны аналіз", прысвечанае актуальным аспектам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. У пасяджэнні прынялі ўдзел студэнты 2-га курса спецыяльнасцей "Міжнародныя адносіны", "Міжнародная канфлікталогія". Студэнты прадставілі даклады, у якіх прааналізавалі шэраг напрамкаў і аспектаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе. Д. А. Гарыст прааналізавала беларуска-расійскія адносіны за 2025 г. З. М. Трацэўская выявіла асаблівасці і механізмы ўдзелу Рэспублікі Беларусь у ШАС. К. М. Кірылавай зроблены аналіз знешняй палітыкі нашай дзяржавы ў адносінах да краін арабскага Усходу на прыкладзе Амана. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў СНДЛ аказаўся афрыканскі напрамак: панарамны погляд на інтарэсы Беларусі і іх рэалізацыю на гэтым кантыненце прадставіў М. А. Круцікаў; узаемадзеянне з Кеніяй ахарактарызавала А. В. Шапавал, з Зімбабвэ – А. П. Кунцэвіч.
Усе даклады характарызаваліся высокай якасцю падрыхтоўкі, выклікалі цікавасць у аўдыторыі. Экспертам на пасяджэнні выступіў д.г.н., прафесар У.Е. Снапкоўскі, мадэратарам – к.г.н., дацэнт А.В. Дземідовіч. Фармат мерапрыемства меркаваў прэзентацыю дакладаў і іх наступнае абмеркаванне. Студэнтам быў зададзены шэраг пытанняў, дадзены рэкамендацыі па далейшым вывучэнні праблематыкі і падрыхтоўцы навуковых публікацый. Падобная апрабацыя вынікаў навуковай дзейнасці характарызуецца шэрагам рыс: па-першае, мае элементы праблемнага семінара (тэматычнае абмежаванне пытанняў, якія абмяркоўваюцца ў рамках асобнага пасяджэння), што садзейнічае фарміраванню сістэмнага погляду на аб'ект навуковага інтарэсу, па-другое, будуецца на прынцыпах майстар-класа, дзе студэнтам прадастаўляецца магчымасць атрымаць экспертныя метадычныя і змястоўныя рэкамендыцыі. Такая перадача практычнага навыку садзейнічае развіццю ў навучэнцаў аналітычнага мыслення і культуры акадэмічнага пісьма.
А.В. Дземідовіч, к.г.н, дацэнт, кіраўнік СНДЛ