22 кастрычніка 2026 г. на факультэце міжнародных адносін адбыліся XXV Міжнародная навуковая канферэнцыя "Беларусь у сучасным свеце" і XX Міжнародная навуковая канферэнцыя "Міжкультурная камунікацыя і прафесійна арыентаванае навучанне замежным мовам".
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцый звярнулася дэкан факультэта міжнародных адносін Алена Анатольеўна Дастанка. У сваім выступленні яна адзначыла, што правядзенне юбілейных канферэнцый мае для факультэта асаблівае значэнне, паколькі гэта дазваляе ацаніць, як мяняецца навуковая супольнасць, прасачыць тэндэнцыі развіцця навуковых даследаванняў рэгіянальных і міжнародных працэсаў, эвалюцыю прафесійна арыентаванай моўнай падрыхтоўкі, а таксама працэсы фарміравання камунікатыўнай і сацыякультурнай кампетэнцый.
На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі загадчык кафедры міжнароднага права нашага факультэта Алена Фёдараўна Доўгань і прафесар кафедры сусветнай палітыкі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Юр'еўна Маркушына.
Даклад А.Ф. Доўгань "Злоўжыванне "правам" у сучаснай геапалітычнай абстаноўцы" быў прысвечаны сучасным праблемам злоўжыванняў у міжнародным праве, уключаючы нядобрасумленнае і нават зламыснае тлумачэнне прававых тэрмінаў і канцэпцый, спробы адыходу ад захавання прававых нормаў са спасылкай на неабходнасць забеспячэння нейкіх вышэйшых каштоўнасцей, адмову ад выканання міжнародных абавязкаў са спасылкай на нацыянальнае права, выкарыстанне пляцовак міжнародных арганізацый для аказання ціску і надання нейкага аўтарытэту супрацьпраўным дзеянням, прадухіленне доступу да інфармацыі і магчымасці выкласці сваю пазіцыю шляхам увядзення канцэпцыі дэзінфармацыі, стварэння перашкодаў для доступу да механізмаў абароны.
У дакладзе Н.Ю. Маркушынай "Пытанні фарміравання новай архітэктуры бяспекі ў Еўразіі" разглядаліся асаблівасці станаўлення новай сістэмы бяспекі на еўразійскай прасторы, роля ШАС і АДКБ, уключэнне пытанняў эканамічнай бяспекі ў парадак дня ЕАЭС, павышэнне ўзроўню лічбавай і тэхналагічнай бяспекі. Такая тэматыка напрамую звязана з ключавымі выклікамі сучаснасці і патрабуе сумеснага навуковага асэнсавання.
Затым работа ў рамках канферэнцыі "Беларусь у сучасным свеце" была прадоўжана ў 8 секцыях.
Значная частка дакладаў была прысвечана знешняй палітыцы і міжнародным адносінам: знешнепалітычным сувязям Рэспублікі Беларусь, стратэгічнаму партнёрству з Кітаем, узаемадзеянню з краінамі Афрыкі, а таксама аналізу знешнепалітычных стратэгій іншых дзяржаў. Важнае месца занялі даследаванні міжнароднага права. У дакладах былі разгледжаны пытанні абароны аўтарскіх правоў у эпоху штучнага інтэлекту, асаблівасці міжнароднага інвестыцыйнага права, межы экстэрытарыяльных санкцый. Эканамічны аспект быў раскрыты ў дакладах, прысвечаных знешнегандлёвым інтарэсам Беларусі з краінамі СНД, міжнароднаму гандлю паслугамі ў некаторых краінах Еўропы, ролі БРІКС як альтэрнатыўнага цэнтра эканамічнай сілы, глабальным вытворчым ланцужкам і зменлівым умовам міжнароднага супрацоўніцтва, праблемам і перспектывам развіцця еўразійскай інтэграцыі. У рамках канферэнцыі былі разгледжаны таксама такія актуальныя пытанні, як развіццё турызму Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі, кіраванне інавацыямі ў турысцкіх кампаніях, значэнне лагістыкі і мытнага рэгулявання ў практычным функцыянаванні знешніх сувязей краіны. Асобная секцыя была прысвечана ролі Кітая ў сучасным свеце, на якой былі разгледжаны знешнепалітычныя адносіны краіны, кітайскія інавацыі, гандлёвыя стратэгіі, культура, турызм і развіццё штучнага інтэлекту.
Факультэт міжнародных адносін шчыра дзякуе калегам з Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта «Вышэйшая школа эканомікі», Міністэрству замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Іх удзел дазволіў узбагаціць навуковую дыскусію і злучыць акадэмічную глыбіню з практычным разуменнем знешнепалітычных і знешнеэканамічных працэсаў.
Па выніках навуковай канферэнцыі будзе апублікаваны юбілейны зборнік, які стане не толькі значнай навуковай падзеяй, але і карыснай крыніцай для спецыялістаў, дзяржаўных служачых, выкладчыкаў і студэнтаў, якія цікавяцца знешняй палітыкай і развіццём Беларусі ў сучасным свеце.
.