17 сакавіка студэнты спецыяльнасцяў "Міжнароднае права" і "Міжнародныя адносіны", якія вывучаюць партугальскую мову, пад кіраўніцтвам старшых выкладчыкаў Сіняўскай Ю.І. і Шарупіч Т.С. наведалі ўрачыстае адкрыццё XXXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая традыцыйна праходзіць у выставачным цэнтры "БелЭкспа". У гэтым годзе выстава-кірмаш прысвечана 35-годдзю Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Году беларускай жанчыны.
Варта адзначыць, што пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і Міністэрства інфармацыі Беларусі на кніжнай выставе арганізавана работа "Міжнароднага квартала" з шырокім прадстаўленнем замежнай літаратуры, якая прэзентуецца дыппрадстаўніцтвамі, акрэдытаванымі ў Беларусі.
Бразілія прадставіла на выставе раман "Запіскі з таго свету" і "Выбраныя апавяданні" (творы класічнай бразільскай літаратуры к. 19 ст.) аўтара Машаду дэ Асіз; раман «Сумны лёс Палікарпа Куарэзмы» бразільскага пісьменніка-сатырыка і журналіста Афонса Энрыкеса дэ Ліма Барэта (адзін з найбольш значных аўтараў перыяду прэмадэрнізму); раман Алуізіа Азеведа «Мулат», які апавядае пра трагічны лёс чалавека ў рабаўладальніцкай Бразіліі канца XIX ст. і іншую літаратуру. Таксама на стэндзе самай буйной краіны Лацінскай Амерыкі была прадстаўлена гістарычная і даведачная літаратура на партугальскай мове, маляўнічыя выданні, якія знаёмяць наведвальнікаў з культурай, прыродай і традыцыямі Бразіліі.
Акрамя таго, юнакі і дзяўчаты пазнаёміліся з экспазіцыямі іншых краін-удзельніц, пашырыўшы свой кругагляд і паглыбіўшы веды аб сусветнай культурнай спадчыне. Усяго на выставе свае дасягненні прапанавалі каля 500 экспанентаў з 23 дзяржаў. Сярод іх - не толькі традыцыйныя ўдзельнікі СНД, але і дэлегацыі з Венесуэлы, В'етнама, Ірана, Катара, ААЭ, Пакістана, КНДР і іншых краін.
Асаблівую цікавасць у будучых міжнароднікаў выклікала адукацыйная праграма выставы, якая ўключае сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, прэзентацыі перакладаў і дыскусіі аб ролі кнігі ў сучасным свеце. Наведванне мерапрыемства садзейнічала не толькі ўдасканаленню моўнай кампетэнцыі студэнтаў, але і ўмацаванню іх прафесійнай цікавасці да міжнароднага супрацоўніцтва.
Завяршыўся візіт агульным абмеркаваннем убачанага: студэнты падзяліліся ўражаннямі аб бразільскім стэндзе, адзначылі важнасць такіх мерапрыемстваў для практыкі мовы і пашырэння прафесійных гарызонтаў. Удзел у адкрыцці такога значнага мерапрыемства стаў яшчэ адным крокам у падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў-міжнароднікаў, якія валодаюць рэдкай мовай і глыбока разумеюць культуру партугаламоўных краін.
{gallery}2026/2026_03_17_02{/gallery}