11 сакавіка студэнты 2 курса спецыяльнасці "міжнародная лагістыка" правялі мерапрыемства, прысвечанае Году беларускай жанчыны. Сёння 53,4% насельніцтва Беларусі складаюць жанчыны. Урад рэспублікі паслядоўна праводзіць палітыку гендэрнага раўнапраўя і адстойвае правы жанчын ва ўсіх галінах працоўнай дзейнасці, у тым ліку культуры і адукацыі.
Пад кіраўніцтвам старшых выкладчыкаў Майсюк Ю.Л. і Касцеравай Н.А. студэнты падрыхтавалі даклады на англійскай мове аб жанчынах, якія ўнеслі свой уклад у росквіт нашай краіны. Гэта і першая ў Беларусі жанчына-касманаўт Марына Васілеўская, і прымадона эпохі станаўлення беларускай оперы Ларыса Аляксандраўская, і выдатная актрыса Нацыянальнага тэатра імя Я.Купалы, Народная артыстка СССР і БССР Стэфанія Станюта, каралевы тэніса Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка, і вядома, жанчыны, якія мужна змагаліся з фашысцкімі захопнікамі і атрымалі высокае званне Герой Савецкага Саюза Вера Харужая, Надзея Траян, Алена Мазанік, Марыя Осіпава.
Таксама студэнты дэталёва вывучылі гісторыю барацьбы жанчын свету за свае правы, прасачылі гісторыю ўзнікнення свята 8 сакавіка, разгледзелі традыцыі святкавання ў нас у краіне і за яе межамі.
Мерапрыемства атрымалася натхняльным і пазнавальным, яно дазволіла ўсім прысутным узгадаць гісторыю, адчуць гонар за нашу краіну, у якой жылі і жывуць такія цудоўныя жанчыны, і задумацца пра будучыню, паколькі нашым студэнтам і студэнткам трэба будзе прадоўжаць слаўную гісторыю Беларусі.
Элвея Хечыкашвілі, студэнтка 2 курса спецыяльнасці "міжнародная лагістыка"
{gallery}2026/2026_03_11{/gallery}