21 лютага 2026 года ўвесь свет ужо 26-ы раз адзначаў Міжнародны дзень роднай мовы. Галоўная мэта гэтага дня — абарона і захаванне моўнай разнастайнасці ў свеце, якая ўзбагачае глабальную культуру і садзейнічае ўзаемаразуменню паміж народамі.
На кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці выкладчыкі польскай мовы правялі са студэнтамі цэлы шэраг мерапрыемстваў пад дэвізам "Мова – духоўны скарб нацыі", прысвечаных гэтаму святу. Мерапрыемствы праводзіліся ў выглядзе інтэрактыўных пляцовак у перыяд з 16.02. па 24.02.2026 г.
16.02.2026 г. студэнты 3 курса спецыяльнасці «Мытная справа» актыўна паўдзельнічалі ў майстар-класе па напісанні вершаў Haiku на польскай мове, г.зн. у традыцыйным жанры паэтычнай мініяцюры японскага хайку. Спачатку ўдзельнікі азнаёміліся са структурай і правіламі напісання такіх вершаў па-польску, затым па тэмах уласных фатаграфій, якія паказваюць прыроду ў розныя часы года, яны стварылі свае Haiku. Далей студэнтам было прапанавана загрузіць гэтыя ж фатаграфіі ў Chatgpt, каб па іх ШІ напісаў верш у стылі хайку на польскай мове. Завяршэннем майстар-класа стала прэзентацыя аўтарскіх тэкстаў і тэкстаў, створаных ШІ. Майстар-клас праводзіла старшы выкладчык кафедры Плашчынская Т. З.
17.02.2026 г. у групах студэнтаў 1 курса спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны» праводзіліся лексічная віктарына і майстар-клас па складанні падобных віктарын на польскай мове. Студэнты былі зацікаўлены дадзенымі відамі заданняў і паспяхова з імі справіліся.
18.02.2026 г. для студэнтаў 2 курса спецыяльнасці «Мытная справа» і 24.02.2026 для студэнтаў 2 курса спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны» праводзілася лінгвістычная віктарына, прысвечаная розным аспектам польскай мовы. Заданні і пытанні віктарыны садзейнічалі паглыбленню ўжо наяўных у студэнтаў ведаў.
24.02.2024 г. у студэнтаў 3 курса спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны» адбылося мерапрыемства «Моўная экспертыза», якое правяла дацэнт кафедры Круглова В.У. Студэнты займаліся складаннем спісаў запазычанняў у польскую мову з рускай і англійскай моў, вызначалі перыяд запазычання і тэматыку, праводзілі аналіз слоў. Гэтае мерапрыемства дазволіла студэнтам прымяніць свае лінгвакраіназнаўчыя веды і логіку.
Таксама студэнты паўдзельнічалі ў акцыі па напісанні выкладчыкам родных і замежных моў падзяк за веды. Прычым падзякі былі напісаны не толькі на польскай мове, але і на іншых мовах, у тым ліку на рускай і беларускай.
Родная мова – гэта і нацыянальная ідэнтычнасць, і гістарычная памяць, і культура, і ключ да разумення народа, і яго душа. Адметная асаблівасць нашай нацыі – білінгвізм, бо ў Беларусі афіцыйнымі мовамі на заканадаўчым узроўні прызнаны руская і беларуская. Як паказвае жыццё, актуальнасць гэтага свята з гадамі толькі ўзрастае. А сёлета Міжнародны дзень роднай мовы прысвечаны ролі маладых людзей у фармаванні будучай шматмоўнай адукацыі, што адлюстравана ў тэме, абвешчанай ЮНЕСКА на 2026 год – “Удзел моладзі ў развіцці шматмоўнай адукацыі”.
Плашчынская Т.З., старшы выкладчык кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці
![]() |
![]() |

