13 лютага 2026 г. на факультэце міжнародных адносін БДУ адбылася сустрэча студэнтаў першага курса з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргеем Міхайлавічам Клішэвічам. Дыялог быў прысвечаны ролі інфармацыйных тэхналогій у міжнародным супрацоўніцтве і выклікам, з якімі сутыкаецца сучасны дыпламат.
Важным элементам сустрэчы стала абмеркаванне ролі інфармацыі ў абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту. У эпоху гібрыдных выклікаў здольнасць атрымліваць і аналізаваць адэкватныя дадзеныя становіцца залогам выжывання незалежнай дзяржавы.
С. М. Клішэвіч звярнуў увагу, што беларускі міжнароднік сёння — гэта не проста аналітык, а абаронца інтарэсаў краіны на знешнім контуры. Для фармулявання правільных падыходаў у міжнароднай дзейнасці крытычна важна валодаць усёй паўнатой дакладнай інфармацыі. Інфармацыйная пісьменнасць (уменне адсяваць фейкі і працаваць з першаснымі дадзенымі для выканання сваіх абавязкаў), безумоўна, важная для спецыяліста-міжнародніка, але не менш важны і патрыятызм (шчырае імкненне абараняць інтарэсы сваёй Радзімы). Толькі спалучэнне глыбокіх ведаў і любові да сваёй радзімы дазваляе міжнародніку быць эфектыўным у сучаснай геапалітычнай абстаноўцы.
{gallery}2026/2026_02_13{/gallery}