Студэнты 4 курса спецыяльнасці "Менеджмент у сферы міжнароднага турызму" і "Міжнароднае права" пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка французскай мовы Г.П.Кудзеліч наведалі 12.12.2025 г. штогадовую арт-выставу рамесніцтва “Чароўны млын”.
Гэта падзея стала жывым кейсам для вывучэння і нагляднай ілюстрацыяй таго, як працуе сучасны падзейны турызм. Папулярнасць гэтага мерапрыемства дэманструе ключавы трэнд: турысты ўсё часцей выбудоўваюць свае маршруты вакол унікальных падзей: фестываляў, кірмашоў, майстар-класаў. Для студэнтаў выстава стала даследчай пляцоўкай. Яны вылучалі гіпотэзы, як правільна ўкараніць такое мерапрыемства ў турпакет, разлічыць паток наведвальнікаў і стварыць вакол яго інфармацыйную нагоду для прыцягнення міжнароднай аўдыторыі, адзначыўшы, што "інстаграмныя" моманты з'яўляюцца лепшай рэкламай для дэстынацыі. Наведвальнікі выставы атрымалі магчымасць назіраць, як сучасныя майстры пераасэнсоўваюць традыцыі, ствараючы актуальныя тавары з маркай "made in Belarus", прапаноўваючы ўнікальныя сувеніры і фарміруючы аўтэнтычны імідж рэгіёну. Напрыклад, майстры прапанавалі наведвальнікам не толькі ўжо вядомую кераміку і вырабы з саломы, але і выразныя карціны-выцінанкі ў рознай стылістыцы. У 2024г. выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы — была ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
У будучых правазнаўцаў асаблівую цікавасць выклікала пытанне абароны інтэлектуальнай уласнасці рамеснікаў і арт-аб'ектаў, у прыватнасці. Як адрозніць арыгінальны аўтарскі выраб ад копіі? Як абараніць унікальныя арнаменты і тэхналогіі? Гэтыя праблемы сталі тэмай для дыскусіі, аб'яднаўшы эстэтыку з юрыдычнай практыкай. Наведванне даказала: паспяховы турызм будуецца на сімбіёзе культурнай спадчыны, крэатыўнай эканомікі і надзейнай прававой базы. Менавіта праз падобныя падзеі і фарміруецца новы дынамічны імідж Беларусі як краіны, што павышае яе турыстычную прывабнасць.
{gallery}2025/2025_12_12{/gallery}