У верасні 2025 г. студэнты 4 курса спецыяльнасці «Сусветная эканоміка» і 3 курса спецыяльнасці «Міжнароднае права, якія вывучаюць італьянскую мову, пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці В.У. Далідовіч, наведалі выставу «Ле Карбюзье: мінскае рэха», якая праходзіла ў Мастацкай галерэі М.Савіцкага
Выстава арганізавана ў рамках XVI Рэспубліканскага фестывалю архітэктуры, прысвечанага 90-годдзю Беларускага саюза архітэктараў, у супрацоўніцтве з Мінскім гарадскім гістарычным музеем.
У ходзе экскурсіі студэнты азнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай творчасці аднаго з самых уплывовых архітэктараў XX стагоддзя – Шарля-Эдуара Жанеры-Гры, больш вядомага свету як Ле Карбюзье. Яго ідэі радыкальна змянілі аблічча гарадоў па ўсім свеце – ад Францыі і Швейцарыі да Індыі і СССР. Наватарская канцэпцыя пяці архітэктурных прынцыпаў Ле Карбюзье сфарміравала фундамент мадэрнісцкай архітэктуры і паўплывала на аблічча пасляваеннага Мінска: многія з ідэй Ле Карбюзье знайшлі ўвасабленне ў архітэктуры Мінска. Выстава прымушае па-новаму паглядзець на жылую забудову гарадскіх мікрараёнаў 1960 – 1980-х гг., убачыць эстэтыку і функцыянальнасць жалезабетонных канструкцый, звярнуць увагу на багацце характэрных для Ле Карбюзье прыёмаў у мінскай архітэктуры – вінтавыя лесвіцы, будынкі на апорах, істужачнае шкленне, каляровыя рашэнні фасадаў.
Пасля выставы ўдзельнікі па-новаму змогуць зірнуць на знаёмыя вуліцы Мінска і пераканацца, што нават знаёмы з дзяцінства горад можа ўтойваць у сабе нечаканыя сакрэты, пра якія заўсёды цікава даведвацца. "Ле Карбюзье: Мінскае рэха" – гэта не проста выстава, а запрашэнне да асэнсавання горада, у якім мы жывем.
{gallery}2025/2025_09_29{/gallery}