11 чэрвеня 2025 г. калектыў факультэта міжнародных адносін наведаў выставу, прысвечаную 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якая праходзіць у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры "БелЭкспа".
У экспазіцыйнай зале прадстаўлена больш за 600 унікальных экспанатаў, прысвечаных тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны, актыўна выкарыстаны розныя мультымедыйныя тэхналогіі і тэхналогіі дапоўненай рэальнасці.
Наша Перамога пачала кавацца яшчэ з першых хвілін, з першых герояў, з першых абаронцаў. І менавіта з варот Брэсцкай крэпасці пачынаецца выстава. Далей крок за крокам мы рухаемся наперад да Перамогі. Абарона Мінска, Магілёва….
І вось ужо сумныя старонкі гісторыі пра генацыд нашага народа. На інтэрактыўным экране можна ўбачыць пералік пасёлкаў і вёсак, якія былі знішчаны разам з іх жыхарамі. Маштаб партызанскай барацьбы ў краіне паказаны на інтэрактыўнай карце: мноства кропак, дзе яна вялася, дзе ішла рэйкавая вайна.
Ёсць тут і стэнды са зброяй: то кулямёт, то мінамёт, які прайшоў вайну ад Сталінградскай бітвы, то гармата….
І вось мы пераходзім да этапаў вызвалення Беларусі, а потым і да вызвалення Еўропы.
Настаў час пераможцаў. Парад Перамогі, той самы, што прайшоў на Чырвонай плошчы ў 1945 годзе, можна паглядзець на вялікім экране. А далей аддаць даніну памяці ля копіі абеліска з Плошчы Перамогі, паглядзець на партрэты Герояў, пастаяць ля Вечнага агню.
{gallery}2025/2025_06_11{/gallery}