29 сакавіка студэнты і прафесарска-выкладчыцкі склад кафедры міжнароднага турызму і гасціннасці ФМА БДУ прынялі ўдзел у панэль-сесіі "Практыка-арыентаваная падрыхтоўка спецыялістаў у турызме: студэнцкія праекты", якая праходзіла ў рамках XXVII Міжнароднай выставы-кірмашу турыстычных паслуг "Адпачынак-2025". Мерапрыемства было арганізавана Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і ДУ "Нацыянальнае агенцтва па турызме". У рабоце панэль-сесіі прынялі ўдзел прадстаўнікі вядучых універсітэтаў, якія рыхтуюць кадры для індустрыі турызму і гасціннасці.
Студэнты спецыяльнасці «Менеджмент у сферы міжнароднага турызму» кафедры міжнароднага турызму і гасціннасці прадставілі два разнапланавыя праекты. Першы праект – "Асаблівасці забеспячэння даступнасці музеяў для людзей з асаблівымі патрэбамі" – накіраваны на развіццё інклюзіўнага турызму і адаптацыю музейных прастор для людзей з інваліднасцю. Праект быў рэалізаваны студэнтамі 2 і 3 курсаў у рамках дзейнасці СНДЛ "Інавацыі ў турызме" ў 2022-2023 гг. У рамках праекта быў праведзены аналіз прававой базы, якая датычыцца забеспячэння даступнасці музеяў, а таксама міжнароднага досведу ў гэтай галіне. Былі вызначаны асаблівасці забеспячэння даступнасці экскурсійных прадуктаў для розных катэгорый наведнікаў з інваліднасцю. У працэсе работы над праектам быў праведзены аналіз даступнасці такіх вядомых музеяў, як Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны гістарычны музей і Баранавіцкі краязнаўчы музей. Акрамя таго, быў праведзены комплексны аналіз інфраструктурнай і інфармацыйнай даступнасці Музея гісторыі БДУ і Музея землязнаўства БДУ. У выніку рэалізацыі праекта была падрыхтавана справаздача па выніках даследавання, якая дэпанавана ў бібліятэцы БДУ і змяшчае рэкамендацыі па паляпшэнні даступнасці беларускіх музеяў. Таксама студэнтамі быў распрацаваны і ўкаранёны ў навучальны працэс навукова-практычны квэст "Інклюзіўны музей".
Другі праект – "Гайд па барах горада Мінска" – быў распрацаваны групай студэнтаў 3 курса і прысвечаны развіццю гастранамічнага турызму і знаёмству гасцей сталіцы з лакальнай барнай культурай. У прапанаваным гайдзе, які таксама даступны анлайн, аўтарамі прадстаўлены найбольш цікавыя бары г. Мінска для розных мэтавых аўдыторый. Падобны арыгінальны праект будзе цікавы не толькі мінчанам, але і замежным гасцям сталіцы.
Прадстаўленыя праекты атрымалі высокую ацэнку ад адмыслоўцаў-практыкаў. Удзел у гэтым мерапрыемстве дазволіў абмяняцца вопытам з калегамі з іншых ВНУ, абмеркаваць актуальныя трэнды ў падрыхтоўцы кадраў для туріндустрыі і прадставіць практычныя распрацоўкі студэнтаў БДУ. Кафедра міжнароднага турызму і гасціннасці ФМА БДУ дзякуе арганізатарам за магчымасць удзелу ў такім знакавым мерапрыемстве.
{gallery}2025/2025_03_29_02{/gallery}