Select your language

Студэнты ФМА, якія вывучаюць партугальскую мову, пад кіраўніцтвам старшых выкладчыкаў Сіняўскай Ю.І. і Шарупіч Т.С. наведалі ўрачыстае адкрыццё ХХХII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая праходзіць з 12 па 16 сакавіка ў НВЦ "БелЭкспа".

Беларусь у 2025 годзе старшынствуе ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза, таму на цэнтральным стэндзе выставы-кірмашу прадстаўлена інтэрактыўная калектыўная экспазіцыя дзяржаў-удзельніц ЕАЭС, аб'яднаная агульнай тэмай — 80-годдзе Вялікай Перамогі.

Тэма 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне стала адной з ключавых на XXXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Прысвечаная ёй літаратура — творы класікаў і сучасных аўтараў, паэзія, проза і дакументалістыка — шырока прадстаўлена і на рэгіянальных, і на замежных стэндах, у экспазіцыях беларускіх выдавецтваў.

Варта адзначыць, што пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і Міністэрства інфармацыі Беларусі на кніжнай выставе арганізавана работа "Міжнароднага квартала" з шырокім прадстаўленнем замежнай літаратуры, якая прэзентуецца дыппрадстаўніцтвамі, акрэдытаванымі ў Беларусі. Усяго ў кніжным форуме бяруць удзел каля дваццаці краін.

Бразілія прадставіла на выставе раман "Запіскі з таго свету" і "Выбраныя апавяданні" (творы класічнай бразільскай літаратуры канца XIX ст.) аўтара Машаду дэ Асіз; раман «Сумны лёс Палікарпа Куарэзмы» бразільскага пісьменніка-сатырыка і журналіста Афонса Энрыкеса дэ Ліма Барэта (адзін з найбольш значных аўтараў перыяду прэмадэрнізму); раман Алуізіа Азеведа «Мулат», які апавядае пра трагічны лёс чалавека ў рабаўладальніцкай Бразіліі канца XIX ст. і іншую літаратуру.

Асобнай увагі заслугоўвае той факт, што студэнты 1, 2 і 3 курсаў спецыяльнасцяў "Міжнародныя адносіны", "Міжнароднае права", "Сусветная эканоміка", якія вывучаюць партугальскую мову, прадстаўляюць стэнд "Бразілія" кожны дзень працы выставы, падаючы гасцям мерапрыемства інфармацыю аб бразільскай літаратуры.

{gallery}2025/2025_03_12{/gallery}