29 студзеня 2025 года на факультэце міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця фотаэкспазіцыі "Факультэт міжнародных адносін – нацыянальная кузня дыпламатычных кадраў: 1995-2025", прымеркаваная да святкавання Дня дыпламатычнага работніка Рэспублікі Беларусь (22 студзеня) і 33-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай (20 студзеня). Сімвалічна, што гэтае мерапрыемства дае старт цыклу юбілейных урачыстасцяў, прысвечаных 30-годдзю заснавання факультэта міжнародных адносін БДУ.
Фотаэкспазіцыя ўключае серыю фатаграфій, на якіх адлюстраваны знакавыя для нашай краіны сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі з лідарамі дружалюбнага Кітая, а таксама важныя гістарычныя моманты, звязаныя з выпускнікамі і выкладчыкамі БДУ падчас выканання іх дыпламатычных місій у розных частках свету.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, выкладчыкі, студэнты, магістранты і аспіранты факультэта міжнародных адносін, а таксама калегі з Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, Філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў г. Мінску, Міжнароднага інстытута кіравання і бізнесу, Пярэжырскай сярэдняй школы ім. Міністра замежных спраў БССР Гурыновіча А.Я. і Асацыяцыі арганізацый кітайскіх суайчыннікаў "Хуацяа".
«Факультэт міжнародных адносін надае важнае значэнне падтрыманню і пашырэнню кантактаў з партнёрамі ў Кітаі ў адукацыйнай і навуковай сферах. Дынамічна развіваюцца кантакты з кітайскімі ўніверсітэтамі і аналітычнымі цэнтрамі, рэалізуюцца сумесныя адукацыйныя праекты і ўмацоўваецца ўзаемадзеянне з Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам "Вялікі камень", – адзначыла ў сваім выступленні дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ, кандыдат палітычных навук, дацэнт А.А. Дастанка.
У рамках мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў акцыі "Віншаванне кітайскім сябрам з нагоды 33-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай". Навучэнец ДУА «Гімназія № 12 г. Мінска» быў адзначаны спецыяльным памятным падарункам ад Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі. Святочнае відэапасланне, падрыхтаванае студэнтамі Філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў г. Мінску, атрымала высокую ацэнку кітайскіх сяброў. У памяць аб сустрэчы студэнты атрымалі падборку кніг аб сучасным Кітаі.
{gallery}2025/2025_01_29{/gallery}