Кафедра міжнароднага права створана ў 1992 г. на юрыдычным факультэце БДУ. У сувязі са стварэннем у 1995 г. факультэта міжнародных адносін кафедра была перададзена факультэту і з'явілася адной з трох выпускаючых кафедр (разам з кафедрамі міжнародных адносін і міжнародных эканамічных адносін), якія ўтварылі факультэт міжнародных адносін. У верасні 2000 г. са складу кафедры была выдзелена кафедра міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права.
З моманту стварэння кафедры ў 1992 г. па жнівень 2003 г. загадчыкам з'яўлялася кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Людміла Васільеўна Паўлава. Затым кафедрай кіравалі кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Лепяшкоў Юрый Аляксеевіч, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Дэйкала Кацярына Аляксандраўна, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Коннава Алена Уладзіміраўна.
У кастрычніку 2021 г. кафедра міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права вярнулася ў склад кафедры міжнароднага права.
Цяпер аб'яднаную кафедру міжнароднага права ўзначальвае кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Ананіч Святлана Міхайлаўна.
Кафедра з'яўляецца базай і вытокам беларускай навуковай школы міжнароднага права (заснавальнікі школы — прафесар Броўка Ю.П. і прафесар Паўлава Л.В.).
Кафедра забяспечвае падрыхтоўку на I ступені вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят) на факультэце міжнародных адносін па спецыяльнасцях: 1-24 01 01 «Міжнароднае права»; 1-23 01 01 «Міжнародныя адносіны»; 1-25 01 03 «Сусветная эканоміка», 1-96 01 01 «Мытная справа»).
Кафедра з'яўляецца выпускаючай па спецыяльнасці «Міжнароднае права» і забяспечвае навучанне па спецыялізацыях «Міжнароднае публічнае права», «Міжнароднае прыватнае права», «Еўрапейскае права».
На II ступені вышэйшай адукацыі (магістратура) кафедра забяспечвае падрыхтоўку на факультэце міжнародных адносін па спецыяльнасцях 1 -24 80 01 «Юрыспрудэнцыя» і 1-23 80 06 «Гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі». З 2021 г. адкрыты дзве прафілізацыі магістратуры 1-24 80 01 Jurisprudence на англійскай мове – International Business Law і International Cyber Law.
Кафедра рыхтуе навукова-педагагічныя кадры вышэйшай кваліфікацыі (аспірантура і дактарантура) па спецыяльнасцях 12.00.10 - міжнароднае права, еўрапейскае права; 12.00.03 - грамадзянскае права; прадпрымальніцкае права; сямейнае права; міжнароднае прыватнае права.