Select your language

Сучасны маркетынг імкліва мяняецца. Тое, што яшчэ ўчора падавалася наватарствам, сёння становіцца распаўсюджанай практыкай, у той самы час як з'яўляюцца новыя тэндэнцыі, якія вызначаюць будучыню маркетынгу. 19 кастрычніка студэнты 3 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка" паспрабавалі прасачыць эвалюцыю маркетынгавых інструментаў і зазірнуць у будучыню прафесіі ў рамках круглага стала "Innovations in Marketing: Past, Present and Future". Мерапрыемства было арганізаванага старшымі выкладчыкамі кафедры англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці Майсюк Ю.Л. і Чарнецкай Н.І. і ўваходзіла ў цыкл штогадовых Дыпламатычных чытанняў. Удзельнікі круглага стала выступілі з прэзентацыямі, прысвечанымі эфектыўным маркетынгавым прыёмам і стратэгіям: студэнты прааналізавалі паспяховыя кейсы кампаній, прадставілі свае прагнозы, а потым у фармаце адкрытай дыскусіі абмеркавалі кожны выступ.

Разважаючы пра інавацыі ў маркетынгу, студэнты прааналізавалі канцэпцыю эканомікі ўвагі і дзейнасць кітайскіх стрымераў- інфлюенсераў (тры рабочыя групы, шэсць студэнтак). У прэзентацыях, прысвечаных гэтай тэматыцы, было прадэманстравана, як у сучасных умовах увага чалавека становіцца дэфіцытным рэсурсам і аб'ектам манетызацыі лічбавых платформ. На прыкладзе пяці стратэгій канкурэнтнай барацьбы студэнткі прааналізавалі, як кампаніі ўтрымліваюць фокус карыстальнікаў і чаму эфектыўнасць гэтых стратэгій залежыць ад культурнага і прававога кантэксту.

Падводзячы вынікі, можна з упэўненасцю сказаць, што такія мерапрыемствы выходзяць далёка за межы простага абмену інфармацыяй. Для студэнтаў-эканамістаў удзел у круглым стале стаў каштоўнай школай прафесійнага росту: падрыхтоўка ўласных прэзентацый па эфектыўных маркетынгавых стратэгіях запатрабавала ад іх глыбокага аналізу рынку, умення  працаваць з дадзенымі і дакладна фармуляваць свае ідэі.

Відавочна, што падобныя сустрэчы – гэта інвестыцыя ў будучыню, бо менавіта сённяшнія ўдзельнікі круглага стала заўтра будуць укараняць тыя самыя інавацыі, аб якіх яны гаварылі сёння.

Ю.Л. Майсюк, старшы выкладчык кафедры англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці