Гэта ў Беларусі паняцце "культурная дыпламатыя" гучыць пакуль дзіўна і па-наватарску. Вялікія дзяржавы свету ўжо даўно ўсвядомілі, які велізарны патэнцыял мае культура для стварэння станоўчага іміджу краіны на міжнароднай арэне. А імідж — гэта і замежныя турысты, і інвестыцыі, ды і проста аўтарытэт у міжнародных справах. Як і сярод людзей, на сусветнай арэне цэняць непаўторнасць, індывідуальнасць, самабытнасць, а шэрыя і невыразныя суб'екты не выклікаюць асаблівай цікавасці… Натуральна, культура — найлепшы інструмент для стварэння і распаўсюджання станоўчага вобразу краіны. І найбольш танны — што таксама немалаважна ў наш час.
У Беларусі ўжо не першы год гавораць, што нельга ігнараваць магчымасці выкарыстання культуры ў дыпламатычнай дзейнасці. Гавораць недарэмна: увесь сусветны вопыт аб гэтым сведчыць. Нашыя галоўныя суседзі (Польшча і Расія) даўно ў тэме: той жа Польскі Інстытут больш за 15 гадоў існуе ў Мінску. Так што ёсць да каго прыгледзецца і ў каго павучыцца. На жаль, гэтыя працэсы расцягнуліся на доўгі час. І вось, здаецца, нарэшце нешта зварухнулася… Ды не проста зварухнулася: сапраўдны знешнепалітычны прарыў нашай краіны ў сферы культурнай дыпламатыі мы маглі назіраць у апошнія гады. Спачатку адкрыўся Культурны цэнтр Беларусі ў Польшчы (г. Беласток), потым на Украіне, а цяпер радасная навіна прыйшла з Буэнас-Айраса. На зямлі Борхеса і Картасэра паўстаў Беларускі культурны цэнтр імя К. Каліноўскага. Няма сумненняў: наша краіна актыўна ўзялася за новую сферу міжнароднай дзейнасці і плануе працягваць яе і надалей.
Беларускі дзяржаўны універсітэт займаецца падрыхтоўкай адпаведных кадраў. Ад факультэта міжнародных адносін чакаюць спецыялістаў, гатовых комплексна і сістэмна вырашаць задачы выкарыстання культуры ў дыпламатычнай дзейнасці на карысць нашай дзяржавы. І не важна, што не ўсе выпускнікі ФМА папоўняць шэрагі супрацоўнікаў МЗС: культурная дыпламатыя — якраз такая сфера, дзе знойдуць сабе прымяненне людзі любой прафесіі. Не так істотна, у якой установе ты працуеш, галоўнае — свядома прытрымлівацца ідэалаў культурнай дыпламатыі, разумець, што сваімі ўчынкамі, працай, актыўнасцю ствараеш імідж сваёй краіны — не горш за сапраўднага "эмзээсаўца". Нездарма гісторыя культурнай дыпламатыі — на 50% гісторыя прыватных ініцыятыў. Задача ФМА — "інфіцыраваць" будучых выпускнікоў гэтымі ідэямі, а "ўсходы" не прымусяць сябе чакаць.
Не без гонару адзначым, што першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены. Спецыяльны курс "Культурная дыпламатыя " ўведзены для студэнтаў спецыялізацыі "Арганізацыя міжнародных сувязей". Але адных лекцый мала. Тут важна як бы дакрануцца да самой субстанцыі, успрыняць яе парадыгму. Таму кафедра дыпламатычнай і консульскай службы ФМА БДУ палічыла карысным запрасіць на сустрэчу са студэнтамі вядомых у Беларусі асоб, чый вопыт і веды маглі б аказацца патрэбнымі для маладога пакалення з улікам яго "культурнадыпламатычнага" профіля.
Тэма першай такой сустрэчы ўзнікла сама сабой. У канцы лютага Беларусь адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды 27 лютага перад студэнтамі спецыялізацыі "Арганізацыя міжнародных сувязей" выступіў дырэктар Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі прафесар А. А. Лукашанец. Тэма сустрэчы была заяўлена наступным чынам: "Роля беларускай мовы ў прафесіі дыпламата". Беларуская мова як нацыянальны сімвал і важнейшы кампанент ідэнтычнасці можа і павінна заняць пачэснае месца ў арсенале беларускай культурнай дыпламатыі. Беларуская мова — гэта тое, што робіць нас і нашу краіну адметнымі ў свеце. Безумоўна, мы не можам ставіць мэту навучыць ёй увесь свет, але выразная павага саміх беларусаў да роднай мовы абавязкова прынясе нам павагу сусветнай супольнасці.
Хоць культурная дыпламатыя — з'ява для нашай краіны адносна новая, тым не менш, яна можа абаперціся на існуючы ў Беларусі вопыт, у тым ліку і савецкіх часоў. Гэтаму, дарэчы, была прысвечана наступная сустрэча, арганізаваная для студэнтаў кафедрай дыпламатычнай і консульскай службы. 1 сакавіка, у Дзень кафедры, яны атрымалі выдатную магчымасць пазнаёміцца з "патрыярхам" беларускай культурнай дыпламатыі — Л. Ф. Яўменавым.
Леанід Фёдаравіч Яўменаў — доктар філасофскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі. Таксама ён быў дыпламатам, шмат гадоў прапрацаваў у ЮНЕСКА і ў Камісіі ААН па правах чалавека. У канцы 1980-х гг. — старшыня названай Камісіі. Л. Ф. Яўменаў ведае пра ААН не па кнігах — перад яго вачыма ў свой час паўставалі ўнутраныя, нябачныя механізмы функцыянавання сусветнай супольнасці. Натуральна, такая асоба не магла не выклікаць зацікаўленасці студэнтаў. Яго праца ў ААН супала з перыядам завяршэння "халоднай вайны", што не магло не адбіцца дзейнасці міжнародных арганізацый. Але ён з гонарам выходзіў з цяжкіх сітуацый і ўсёй сваёй працай садзейнічаў стварэнню пазітыўнага іміджу тагачаснай Беларусі (наколькі гэта было ў той час магчыма).
Такім чынам, ФМА ўважліва адсочвае асноўныя тэндэнцыі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і імкнецца адпавядаць высокім патрабаванням часу. Відавочна, спецыялісты па культурнай дыпламатыі рыхтуюцца не за дзень—два. Карпатлівая пастаянна работа выкладчыкаў павінна абапірацца на стабільную студэнцкую матывацыю. Тым больш, што мы толькі ў пачатку доўгага шляху. Але несумненна, культурная дыпламатыя ў Беларусі будзе развівацца, і кожны выпускнік ФМА — незалежна ад месца працы — знойдзе сваё месца ў гэтай надзвычай важнай, патрэбнай, цікавай і захапляльнай сферы.
Сяргей Лукашанец