11 лютага 2010 г. у зале пасяджэнняў рэктарата адбыўся сход маладых выкладчыкаў БДУ, якія ўключаны ў перспектыўны кадравы рэзерв універсітэта. Перад навукоўцамі з лекцыяй выступіў рэктар БДУ С. У. Абламейка. Ва ўступнай частцы свайго выступлення ён адзначыў, што рэктарат зацікаўлены ў больш цесным узаемадзеянні з перспектыўнымі кадрамі. Людзі, якія маюць вышэйшую навуковую кваліфікацыю і ў будучыні будуць узначальваць структурныя падраздзяленні нашага універсітэта, не павінны застацца па-за ўвагай кіраўніцтва. У сувязі з гэтым рэктарат распрацаваў для іх спецыяльны курс лекцый, прысвечаных пытанням кіравання ў навуковай і адукацыйнай сферах. Гэтыя лекцыі павінны даць агульнае ўяўленне аб спецыфіцы жыцця універсітэта ў адміністратыўным разрэзе, у пэўнай ступені скіраваць маладых выкладчыкаў на вырашэнне праблем, з якімі ім прыйдзецца сутыкнуцца ў будучым, калі яны зоймуць кіруючыя пасады. З пункту погляду рэктарата, такія лекцыі павінны стаць своеасаблівым абменам карысным вопытам паміж старэйшымі і малодшымі калегамі. Гэтыя сустрэчы кіраўніцтва універсітэта плануе праводзіць рэгулярна — адзін-два разы на месяц, запрашаючы на іх у якасці лектараў аўтарытэтных спецыялістаў у галіне навукова-адукацыйнага кіравання.
З першай лекцыяй выступіў сам рэктар БДУ. Тэмай яго выступлення быў шлях маладога навукоўцы. У жывой і нефармальнай форме ён распавёў, ілюструючы прыкладамі з уласнага вопыту, як яму ўяўляецца паэтапная эвалюцыя дзейнасці чалавека, які вырашыў прысвяціць жыццё навуцы. С. У. Абламейка адзначыў, што сусветныя тэндэнцыі з кожным годам усё глыбей пранікаюць у беларускае навуковае асяроддзе, а гэта значыць, маладыя навукоўцы павінны ўважліва сачыць за імі і рабіць усё неабходнае, каб іх кваліфікацыя адпавядала міжнароднаму ўзроўню. Рэктар падкрэсліў велізарнае значэнне публікацый у аўтарытэтных замежных часопісах, а таксама іншых форм супрацоўніцтва з навуковай супольнасцю іншых краін. Па яго меркаванню, Рэспубліка Беларусь з-за абмежаваных фінансавых рэсурсаў не ў стане самастойна ажыццяўляць даследаванні ва ўсіх сферах фундаментальнай навукі, таму выхад бачыцца ў далучэнні беларускіх навукоўцаў і арганізацый да міжнародных сумесных праектаў, дзе кожны мог бы заняць адпаведную нішу. Такое ўзаемадзеянне не толькі садзейнічала б павышэнню эфектыўнасці даследаванняў, але і станоўча паўплывала б на дабрабыт беларускіх навуковых супрацоўнікаў. Са свайго боку, рэктар паабяцаў, што універсітэт будзе аказваць неабходную і пасільную дапамогу ў падрыхтоўцы і прасоўванню такіх праектаў, тым больш што ўдзел у іх значна павышае прэстыж нашай ВНУ.
На наступнай сустрэчы запланавана лекцыя міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь А. М. Радзькова.
Сяргей Лукашанец