У Дзень роднай мовы студэнты 2-го і 3-го курсаў спецыяльнасці “Международныя адносіны” разам са выкладчыкамі кафедры англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяу Аўдзеевай І. В., Костачкінай В.В., Зудавай С. А., Лясоўскай І. А. наведалі выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі нашага суайчынніка, яркага мастака парыжскай школы, Файбіша-Шрагі Царфіна, які доўгі час быў невядомы ў нашай краіне шырокай публіцы. Па волі абставін мастак стварыў свае выдатныя творы ў Францыі, але пры гэтым ён ніколі не забываў пра свае карані, пра сваю малую Радзіму – беларускае мястэчка Смілавічы. Студэнты і выкладчыкі з вялікай цікавасцю азнаёміліся з экспазіцыяй карцін мастака, абмеркавалі яго біяграфію на англійскай мове і атрымалі асалоду ад ззяння колераў , якія зыходзілі ад яго палотнаў.
Вось некаторыя ўрыўкі ад уражанняў пасля наведвання выставы:
«Паход у музей дазволіў мне азнаёміцца з яркім прадстаўніком імпрэсіянізму, французам беларускага паходжання Шрагом Царфіным. Я пазнаеміўся з тэхнікай яго творчасці, а таксама даведаўся пра творчы шлях мастака. Усё гэта было дапоўнена сяброўскай атмасферай і цікавымі аповедамі маіх аднакурснікаў пра розныя перыяды жыцця Царфіна. Дзякуй Вользе Уладзіміраўне Костачкінай, майму выдатнаму выкладчыку англійскай мовы, за гэтую магчымасць, а таксама за выдатныя фатаграфіі!» (Аляксандр Бабін, 2 курс).
«Усе карціны, прадстаўленыя ў музеі, былі выдатныя, але больш за ўсё мне спадабалася зала з чарцяжамі будынкаў і выстава французскага мастака Царфіна, было вельмі цікава пазнаёміцца з яго карцінамі, бо раней я іх не бачыла. Дзякуй выкладчыкам англійскай мовы, якія зладзілі для нас такую цікавую экскурсію ў музей» (Альбіна Адзеева, 2 курс).
"Мне вельмі спадабаўся наш паход у Нацыянальны мастацкі музей. Аднагрупнікі расказвалі на англійскай мове пра жыццё Царфіна , яго працы. Таксама ў гэтай зале можна было паглядзець фільм пра самога мастака (успаміны сваякоў пра яго і яго творчасць). Пасля выставы мы яшчэ паглядзелі карціны іншых мастакоў, што знаходзяцца ў музеі" (Аляксандра Кашкан, 2 курс).
«Паход у Нацыянальны мастацкі музей даў магчымасць пазнаёміцца з выдатнымі работамі беларускай мастацкай культуры і іх аўтарамі. У цэлым спадабаліся ўсе выставы, аднак асабліва хацелася б вылучыць выставу Царфіна. Да таго ж, было вельмі цікава любавацца не толькі яго творамі, але і паслухаць пра яго жыццёвы шлях. Дзякуй маім выкладчыкам і аднакурснікам за прыемна праведзеныя час!» (Ганна Іванова, 2 курс).
«На мой погляд, такіх мерапрыемстваў павінна быць больш, таму што яны дазваляюць нам дакрануцца да мастацтва, адчуць сябе часткай чагосьці прыгожага. Выстава карцін Царфіна зрабіла на мяне вялізнае ўражанне. Я зразумела, што мне блізкі той стыль, у якім ён працаваў, я шмат чаго даведалася пра жыццё мастака, пра яго як пра чалавека. Для мяне гэты занятак быў яшчэ карысным і таму, што біяграфію Царфіна мае аднакурснікі расказвалі на англійскай мове, такім чынам, з'явілася незвычайная магчымасць палепшыць сваю англійскую мову, а таксама паглядзець карціны іншых знакамітых мастакоў і атрымаць асалоду ад іх творчасці» (Насця Несцярэнка, 2 курс).
"Я атрымаў шмат ўражанняў і эмоцый, карціны натхняюць, мне нават самому захацелася маляваць. Магу парэкамендаваць сябрам, знаёмым, родным наведванне гэтага музея, а таксама і сам бы не адмовіўся яшчэ раз схадзіць туды. Калі казаць канкрэтна пра Ф. Царфіна, то мне спадабалася гульня колераў у яго працах. У яго ёсць уласная індывідуальная тэхніка, якая адрознівае яго ад іншых мастакоў" (Данііл Бабіна, 2 курс).
«Агульнае ўражанне ад наведвання музея — станоўчае. Мне асабліва спадабалася структура размяшчэння выстаў: залы прасторныя і светлыя, і нават пры вялікай колькасці людзей есць магчымасць палюбавацца карцінамі. Выстава Царфіна мне падалася пазнавальнай не толькі з-за наяўнасці вялікай колькасці яго работ, але і таксама таму, што ў асобнай зале можна было паглядзець фільм пра яго жыццё і творчасць. Таксама парадавала, што ў музеі можна было пазнаёміцца з творчасцю мастакоў зусім розных эпох і накірункаў» (Кацярына Цішкевіч, 2 курс)