2012_04_19_06_small.jpgЗ 18 па 22 красавіка 2012 года ў больш чым 25 гарадах і мястэчках Беларусі будзе праходзіць чарговы "Фэст экскурсаводаў", пад час якога ўсе жадаючыя змогуць наведаць бясплатныя экскурсіі.

Фэст экскурсаводаў" — гэта мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня помнікаў і мясцін, які адзначаецца ва ўсім свеце 18 красавіка. Галоўная ідэя беларускага фэста — прыцягнуць увагу да праблемы аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, а таксама паказаць беларусам помнікі, побач з якімі яны жывуць і каля якіх праходзяць кожны дзень, не звяртаючы ўвагі.

Iдэя "Фэста экскурсаводаў" паказаць кожнаму, што спадчына Беларусі не абмяжоўваецца Мірскім замкам ці Белавежскай пушчай, што каштоўнасці знаходзяцца зусім побач — трэба толькі азірнуцца і даведацца крыху больш. Ідэя Фэста апынулася надзвычай удалай, бо штогод да мерапрыемстваў з уласнай ініцыятывы далучаецца ўсё больш экскурсаводаў, гісторыкаў і краязнаўцаў, а на экскурсіі з нестандартнымі маршрутамі ахвотна ідуць і мясцовыя жыхары, і турысты.

У 2012 годзе "Фэст экскурсаводаў" будзе ладзіцца чацвёрты год запар. Арганізатарамі фэста сёлета выступаюць: Беларускі камітэт "ІКАМОС", МГА "Гісторыка", ГА "Беларуская асацыацыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў", краязнаўчы клуб "Камяніца" (МДПДіМ) i ГА "Беларускі фонд культуры". Пад час фэста будуць праведзеныя больш за паўсотні экскурсій, і ўсе мерапрыемствы будуць бясплатнымі для наведвальнікаў.

Дадатковую інфармацыю пра фэст можна атрымаць па тэлефонах (+375 29) 557-11-24 (Цімох Акудовіч) ці (+375 33) 341-36-12 (Яўгенія Быц).

Дэталёвы расклад экскурсій даступны на сайце: http://www.tio.by/pro/documents/12189.