23 мая 2024 г. адбылося пасяджэнне СНДЛ кафедры міжнародных адносін "Знешняя палітыка і дыпламатыя ў сучасных міжнародных адносінах: прыкладны аналіз" (кіраўнік - дацэнт А.В. Дземідовіч), у якім прынялі ўдзел студэнты 2-3 курсаў спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны". Увага ўдзельнікаў была прыкавана да актуальных праблем знешняй палітыкі і развіцця дзяржаў Лацінскай Амерыкі і афрыканскага кантынента. Студэнты прадставілі даклады, прысвечаныя асобным пытанням, якія ўпісваліся ў парадак дня пасяджэння. Па лацінаамерыканскім рэгіёне праз разнапланавыя даклады прааналізаваны наступныя аспекты: супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і краін Лацінскай Амерыкі (А. Баешка; Я. Елісеева); праблемы бяспекі рэгіёна і роля асобных дзяржаў у нейтралізацыі традыцыйных і нетрадыцыйных выклікаў і пагроз (Е. Серая; А. Сало, А. Тур; Д. Зіновіч; А. Кісель); асобныя вектары знешняй палітыкі лацінаамерыканскіх краін (М. Картавіцкая; Д. Лаўрэнава; М. Лопан; Е. Прановіч; П. Чайкун); асаблівасці шматбаковай дыпламатыі (С. Абрамовіч; Р. Палякоў) і мяккай сілы (У. Сялюк); інтэграцыйныя працэсы (М. Бардонава; Д. Лотыш). Афрыканскі кантынент таксама апынуўся ў фокусе навуковых інтарэсаў, што знайшло адлюстраванне ў выступленнях, прысвечаных шматбаковым фарматам супрацоўніцтва краін рэгіёна (Е. Шабуня); узаемадзеянню дзяржаў Афрыкі з асобнымі дзяржавамі (Р. Ібрагімава; В. Бобрык), а таксама праблемам бяспекі (А. Шышкова).
Агулам з вынікамі сваіх даследаванняў, прадстаўленых у выступах, з аўдыторыяй падзяліўся 21 чалавек. У якасці эксперта на пасяджэнні СНДЛ выступіў дацэнт кафедры міжнародных адносін кандыдат гістарычных навук С.А. Лашкевіч. Студэнтам зададзены шэраг пытанняў – аналітычных і па зместу, – дадзены каментарыі і рэкамендацыі метадалагічнага характару, закліканыя садзейнічаць павышэнню якасці даследчай дзейнасці.
А.В. Дземідовіч, дацэнт кафедры міжнародных адносін