Подождите, идет загрузка сайта ...

25 верасня гэтага года мне вельмі пашанцавала – я пабывала на святкаванні 70-гадовага юбілею Пятра Кузьміча Краўчанкі. Гэты вядомы і выдатны чалавек адыграў і працягвае адыгрываць важную ролю ў гісторыі маёй краіны.

Пётр Краўчанка скончыў гістарычны факультэт БДУ, абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі міжнародных адносін. Пазней перайшоў на партыйную працу. Падчас перабудовы – сакратар Мінскага гаркама кампартыі па ідэалогіі.

У 1990-м перамог на выбарах у Вярхоўны Савет 12-га склікання. Па прапанове прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча дэпутаты ў тым жа годзе абралі яго на пасаду міністра замежных спраў (1990–1994).

У 1995-м, перамогшы на чарговых парламенцкіх выбарах, узначаліў Камісію па міжнародных справах у Вярхоўным Савеце 13-га склікання.

У 1998 г. вярнуўся на дыпламатычную службу ў якасці пасла Беларусі ў Японіі (1998–2002). Пасля чаго да 2010 года працаваў у Расіі і адначасова выкладаў у Беларускім інстытуце правазнаўства на пасадзе прафесара міжнароднага публічнага права.

Пётр Кузьміч – яркі прадстаўнік сучаснай гісторыі, які прайшоў увесь шлях станаўлення і ўмацавання Беларусі як дзяржавы, таму мне, як студэнтцы факультэта міжнародных адносін, было вельмі цікава пабываць на творчым вечары, прысвечаным не толькі 70-годдзю Пятра Краўчанкі, але і 225-годдзю Міхаіла Клеафаса Агінскага. Пётр Кузьміч зрабіў шмат для ўшанавання памяці гэтага вялікага кампазітара і дыпламата.

Пётр Кузьміч не выпадкова вырашыў правесці мерапрыемства ў Нацыянальнай бібліятэцы, бо менавіта яна з'яўляецца самай вядомай культурнай пляцоўкай нашай краіны.

Гасцямі мерапрыемства былі людзі розных узростаў і прафесій. Пётр Кузьміч распавядаў пра многае: пачынаючы ад сваіх каранёў і заканчваючы падзеямі сучаснасці. Асабліва хацелася б адзначыць уменне апавядальніка стварыць атмасферу таго гістарычнага перыяду. Ён падзяліўся падрабязнасцямі ад першай асобы так, што мы рэальна акунуліся ў палітычную атмасферу падзей, што сталі ўжо гісторыяй. Больш за ўсё мне запомніўся аповяд аб сустрэчы лідэраў Беларусі, Расіі і Украіны ў Белавежскай пушчы ў снежні 1991 года. Гэта падзея, на маю думку, стала вырашальнай у жыцці кожнага беларуса. 8 снежня 1991 г. было падпісана «Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў», у якое Беларусь увайшла як самастойная краіна. Пётр Кузьміч распавёў аб стварэнні прэамбулы падпісаных гістарычных дакументаў. Калі ўдзельнікам нарады далі аркуш паперы для напісання варыянтаў пачатку будучага дагавора, менавіта ідэя Краўчанкі спадабалася ўсім і стала адлюстраваннем першай старонкі пагаднення.

На працягу ўсяго вечара, які суправаджаўся музычнымі і празаічнымі выступамі вядомых беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва, я захаплялася гэтым жыццярадасным чалавекам, што дзеліўся сваёй станоўчай энергетыкай з усімі прысутнымі. Літаральна за гэтыя некалькі гадзін ён улюбіў мяне ў маю краіну зноў. Слухаючы яго маўленне на роднай мове, захацелася узяць прыклад. Захапіла таксама тое, што ён выступаў у вышыванцы, якую падарыла яму яго маці. Было вельмі заўважна, як шчыра Пётр Кузьміч любіць Беларусь.

Так неверагодна, што ён вырашыў запрасіць на сустрэчу студэнтаў, даў нам шанец «прачуць» сваю гісторыю і гісторыю Беларусі.

Пасля сустрэчы ў мяне з'явілася велізарнае жаданне імкнуцца жыць і працаваць для сваёй краіны так, як гэта рабіў і робіць Пётр Кузьміч Краўчанка.

Кацярына Ляшок, студэнтка 1 курса ФМА БДУ 

Кантактная інфармацыя

  • Адрас: г. Мінск, вул. Ленінградская, 20
  • Паштовы адрас: 220030, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 4
  • Тэлефон: +375 17 209 59 77
  • e-mail: fir@bsu.by

Мы ў сацыяльных сетках