27 сакавіка кафедра англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў правяла для студэнтаў першага курса аддзялення "Міжнародныя адносіны", якія вывучаюць англійскую мову як першую замежную, віктарыну «Britain&America: across countries, cultures and borders». Удзельнікі былі аб'яднаны ў каманды па «волі выпадку», г.зн. папярэдне кожны ўдзельнік павінен быў выцягнуць каляровую картку, якая і вызначала яго каманду. Гэта было прадугледжана арганізатарамі віктарыны, бо дадзены псіхалагічны метад накіраваны на выпрацоўку ў студэнтаў умення мабілізавацца і працаваць у нязвыклых для іх умовах, выяўляючы свае здольнасці як лідэра сярод малазнаёмых людзей.

Пытанні для віктарыны былі падрыхтаваныя дасведчанымі студэнтамі 3 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" Карынай Ярмашук і Станіславам Вішнеўскім, якія валодаюць бясконцым творчым патэнцыялам, энтузіязмам і жаданнем падзяліцца сваімі ведамі. Першакурснікі змаглі ў спаборніцкай атмасферы праверыць свае веды па наступных катэгорыях пытанняў: «геаграфія», «гісторыя», «дзяржаўны ўклад», «культура і мастацтва» Вялікабрытаніі і ЗША, узбагаціць свае веды і высветліць спрэчныя пытанні. У кожнай катэгорыі было па 15 пытанняў з рознай ступенню складанасці, колькасцю секунд на абдумванне і, адпаведна, колькасцю запаветных балаў, якія прысуджваліся ў «скарбонку» каманд за правільны адказ. Дух здаровай канкурэнцыі і запалу прысутнічаў у кожным удзельніку.

Кожная каманда выпрацоўвала ўласную тактыку: хтосьці выбіраў толькі самыя «дарагія» пытанні, хтосьці адразу ўздымаў картку, а потым абдумваў правільны адказ ... Нялегка было і членам журы, у склад якога ўваходзілі загадчык кафедры англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў І. М. Івашкевіч, старэйшыя выкладчыкі кафедры І. А. Лясоўская, Т. В. Балакшына, а таксама пераможца супер-пытання ў мінулагодняй віктарыне студэнт 2 курса МА Раман Курбека, паколькі ім трэба было вельмі хутка адзначаць катэгорыю, пытанне і колькасць балаў. Вялікі дзякуй арганізатарам віктарыны, якія распрацавалі зручныя табліцы для журы! Дзякуй Сяргею Валер'евічу Карэліну, які наведаў наша мерапрыемства!

У лідэраў каманд таксама была магчымасць заваяваць дадатковыя, нярэдка вырашальныя лёс каманд, балы, паўдзельнічаўшы ў «Конкурсе капітанаў», які прайшоў у складаным і інтрыгуючым фармаце бліц-апытання і складаўся з 10 пытанняў. Пытанні задаваліся ў хуткім тэмпе. І гэта было яшчэ адно выпрабаванне!

Пасля напружанай віктарыны, падчас падліку членамі журы балаў, вядучыя далі правільныя адказы на тыя пытанні, дзе былі дапушчаныя памылкі ў ходзе віктарыны.

Выкарыстанне мультымедыйных тэхналогій, інавацыйная структура сцэнарыя конкурсу, часовая рэгламентацыя, а таксама шчырае жаданне студэнтаў атрымаць перамогу ўпрыгожылі і надалі асаблівую значнасць гэтаму мерапрыемству.

У выніку, усе члены каманды-пераможцы віктарыны Аляксандр Навіцкі, Маргарыта Левановіч, Аліна Ляўковіч, Ганна Калічава і капітан Ніно Квернадзе, якая набрала найбольшую колькасць балаў у бліц-апытанні, былі ўзнагароджаны памятнымі дыпломамі. А напрыканцы было зроблена цёплае сумеснае фота.

Студэнты асабліва адзначылі высокі прафесіяналізм выкладчыкаў кафедры англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў, і, у значнай ступені, ініцыятара гэтага праекта, старшага выкладчыка С. А .Зудавай.

Важна адзначыць, што і для саміх арганізатараў конкурс ўнёс неацэнны ўклад у іх самаразвіццё: студэнты змаглі асвяжыць свае веды як па ключавых, так і па спрэчных пытаннях лінгвакраіназнаўства, рэалізаваць свой творчы патэнцыял, задзейнічаўшы крэатыўны падыход да складання пытанняў і афармлення прэзентацыі, удасканаліць навыкі аратарскага майстэрства і публiчных выступленняў.

Віктарыны па гісторыі, геаграфіі і культуры ЗША і Вялікабрытаніі ўжо сталі на кафедры традыцыйнымі. Старшакурснікам удалося зрабіць віктарыну насычанай і паказаць першакурснікам прыклад. У наступным годзе менавіта яны будуць працягваць гэтую традыцыю і апынуцца «ля мікрафона», паспрабуюць сябе ў распрацоўцы і правядзенні падобнага мерапрыемства.

Хочацца верыць, што такія мерапрыемствы — гэта ўражанне, якое застаецца пра студэнцкія гады на ўсё жыццё. 

Ніно Квернадзе (1 курс МА), Аляксандр Навіцкі (1 курс МА), Ганна Калічава (1 курс МА), Карына Ярмашук (3 курс МА)

2017_03_27_01.JPG 2017_03_27_02.JPG 2017_03_27_03.JPG

2017_03_27_04.JPG 2017_03_27_05.jpg 2017_03_27_06.JPG

2017_03_27_07.jpeg