5 лістапада 2026 г. у Таварыстве дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі адбылося пасяджэнне моладзевага клуба "Дыялог з паслом" з удзелам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Сант'яга Пераса Бенітэса. Тэма сустрэчы – "Куба сёння".
У пасяджэнні прынялі ўдзел студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Дэлегацыю ФМА склалі студэнты 1 і 3 курса спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны» (старшы выкладчык А.В. Белазёрава, ст. выкладчык Ю.М. Храмовіч), 2, 3 і 4 курса спецыяльнасці «Міжнароднае права» (ст. выкладчык А.З. Зенчанка, ст. выкладчык К.Ю. Дворкіна), 2 курса спецыяльнасці «Сусветная эканоміка» (дацэнт В.У. Сідарэвіч-Стахнова), 3 курса спецыяльнасці «Міжнародная канфлікталогія» (ст. выкладчык А.Г. Паляшчук). Усе студэнты вывучаюць іспанскую мову, а да сустрэчы рыхтаваліся пад кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў. Арганізацыю ўдзелу дэлегацыі і суправаджэнне студэнтаў забяспечыла дацэнт В.У. Сідарэвіч-Стахнова.
Сустрэчу адкрыла старшыня Таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі Н.С. Іванова. У сваім выступленні яна расказала пра Кубу, яе геаграфічнае становішча і пра тое, як успрымаецца гэтая краіна ў свеце: для адных гэта перш за ўсё сімвал рэвалюцыйнай гісторыі, для іншых – сонца, пальмы, танцы. Дарадца пасольства Кубы Анхель Касамаёр асвятліў тэму санкцыйнага ціску на Кубу, адзначыўшы важнасць салідарнасці народаў.
У сваім выступленні Пасол Сант'яга Перэс Бенітэс падрабязна спыніўся на тым, як Куба жыве ва ўмовах жорсткіх і шматгадовых санкцый. Ён расказаў аб паўсядзённых цяжкасцях кубінцаў: перабоях з пастаўкамі паліва, медыкаментаў, харчавання і абсталявання, абмежаваннях у гандлі і фінансавых аперацыях. Нягледзячы на гэта, паводле слоў пасла, краіна шукае ўласныя шляхі вырашэння праблем: развівае альтэрнатыўную энергетыку, падтрымлівае сельскую гаспадарку і мясцовую вытворчасць, робіць стаўку на адукацыю і медыцыну. Пасол падкрэсліў, што менавіта салідарнасць і стойкасць дапамагаюць кубінцам вытрымліваць гэты ціск. Ён таксама выказаў захапленне патрыятызмам беларусаў, зазначыўшы, што подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны натхняе кубінцаў на барацьбу.
На заканчэнне сустрэчы студэнты і госці задалі пытанні спадару Паслу. Удзельнікі сустрэчы адзначылі жывую цікавасць аўдыторыі і важнасць такіх дыялогаў для ўмацавання дружалюбных сувязей.