21 кастрычніка 2026 года на факультэце міжнародных адносін БДУ ў рамках Дыпламатычных чытанняў адбыўся круглы стол "Cultural Codes of East and West. Exploring Cultural Differences in Business Communication". Арганізатарам выступіла кафедра англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці ў асобе выкладчыка Ю.Я. Багамолавай, старшага выкладчыка А.Ф. Курачак. У мерапрыемстве ўдзельнічалі студэнты 1 курса спецыяльнасці "Міжнародная лагістыка". Удзельнікі прадставілі даклады на англійскай мове, прысвечаныя культурным кодам краін Усходу і Захаду, іх уплыву на дзелавую камунікацыю.

Адкрыў дыпламатычныя чытанні Самсончык Георгій з дакладам "Belarusian Business Communication: Cultural Context and Etiquette Peculiarities", у якім звярнуўся да беларускай дзелавой культуры. Былі закрануты пытанні этыкету, пунктуальнасці і звароту да суразмоўцы. Асабліва каштоўна, што размова пра культурныя коды пачалася з асэнсавання ўласных культурных асаблівасцей: зразумець іншамоўныя дзелавыя паводзіны лягчэй, калі ясна ўяўляеш асаблівасці роднай камунікацыі.

Працягнулі мерапрыемства даклады, прысвечаныя дзелавой культуры краін Усходу. У выступленнях разглядаліся асаблівасці бізнес-камунікацыі ў ААЭ і Саудаўскай Аравіі. Было адзначана, што для паспяховага ўзаемадзеяння з усходнімі партнёрамі важна праяўляць цярпенне, павагу да іерархіі і гатоўнасць наладжваць даверныя адносіны, а веданне культурных і рэлігійных норм з'яўляюцца абавязковымі ўмовамі эфектыўнай камунікацыі.

Карэтка Кацярына з дакладам “Cultural Codes of Germany: Low Context and Sequential Time” ахарактарызавала нямецкую культуру і асаблівасці дзелавых зносін з яе прадстаўнікамі. Працягнула тэму культур Сіліч Ганна з дакладам “Swiss Business Etiquette: Low Context, Punctuality, and Taboo Awareness”.

Кісялёва Амелія і Пяткевіч Яраслава раскрылі характэрныя рысы іспанскіх і французскіх дзелавых зносін. Пракоп'ева Валерыя ў дакладзе "Cultural Codes of Italy: Emotions, Time, and Personal Space in Business Communication" засяродзілася на выразнасці італьянскай камунікацыі, значэнні жэстаў, эмоцый і асабістай прасторы. Выбар тэм быў невыпадковы: іспанскую, французскую і італьянскую мовы студэнты вывучаюць як другую замежную, што паглыбіла цікавасць да культуры гэтых краін і садзейнічала фарміраванню лінгвакраіназнаўчых уяўленняў.

У ходзе дакладаў удзельнікі звярнулі ўвагу на тое, як культурныя адрозненні выяўляюцца ў адносінах да часу, эмоцый і асабістай прасторы. Адбылося жывое абмеркаванне, абмен думкамі пасля выступленняў паглыбіў разуменне тэмы і садзейнічаў развіццю навыкаў прафесійнай дыскусіі на англійскай мове. Мерапрыемства сфармавала цэласнае ўяўленне аб значнасці культурнага інтэлекту і дзелавога этыкету ў міжкультурнай камунікацыі. Сустрэча прадэманстравала не толькі моўную падрыхтоўку першакурснікаў, але і іх непадробную цікавасць да міжкультурнай камунікацыі, важнага складніка станаўлення будучых спецыялістаў-міжнароднікаў.

Ю. Я. Багамолава, выкладчык кафедры англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці,
студэнты 1 курса спецыяльнасці «Міжнародная лагістыка»