14 кастрычніка 2026 г. на кафедры англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці ФМА БДУ ў рамках штогадовых Дыпламатычных чытанняў паспяхова прайшло мерапрыемства ў фармаце "Elevator pitch, Elevator Speech". Асаблівасць дадзенага фармату заключаецца ў тым, што для прэзентацыі ідэі адводзіцца абмежаваны час. У такіх умовах ключавымі фактарамі поспеху з'яўляюцца належныя веды структуры прэзентацыі і ўменне прымяняць камунікатыўныя тактыкі і стратэгіі дзелавой англійскай мовы ў бізнес-асяроддзі.

Магістранты спецыяльнасці "Менеджмент" і "Сусветная эканоміка" пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры дацэнта С. А. Дубінка падрыхтавалі і прадставілі інвестарам практычныя бізнес-праекты ў галіне карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці і ўстойлівага развіцця.

Першымі свае праекты прадставілі магістранты спецыяльнасці "Менеджмент", прафілізацыя "Менеджмент масавых падзейных мерапрыемстваў". У прыватнасці, Сафія Эдама выступіла з тэмай «Social Responsibility in Business: A proposal for the Belarusian universal commodity exchange». Праект прысвечаны сацыяльнай адказнасці бізнесу на прыкладзе Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ). Было прапанавана запусціць шасцімесячную пілотную праграму "Адказны гандаль" з удзелам 30 пастаўшчыкоў: кампаніі будуць добраахвотна прадастаўляць інфармацыю аб умовах працы, экалагічных мерах і добрасумленнасці вядзення бізнесу, а біржа – арганізоўваць разгляд зваротаў і публікаваць справаздачу аб выніках. Пры гэтым звесткі, заяўленыя пастаўшчыкамі, павінны дакладна адрознівацца ад пацверджаных дакументамі. Мэта прапановы – павысіць празрыстасць гандлю, дапамагчы пакупнікам ацэньваць партнёраў і стымуляваць кампаніі ўлічваць уплыў сваёй дзейнасці на людзей і навакольнае асяроддзе.

Магістрант Анфіса Клязавіч прадставіла сваю бізнес-ідэю пад назвай «Corporate Social Responsibility using the example of the Belarusian clothing brand Mark Formelle». У прэзентацыі былі раскрыты ключавыя напрамкі КСА кампаніі – ад падтрымкі жанчын з анкалогіяй і дзяцей з парушэннямі зроку да экалагічных ініцыятыў па перапрацоўцы пластыка. Акрамя таго, былі прапанаваны канкрэтныя і абгрунтаваныя рэкамендацыі па развіццю брэнда: укараненне інклюзіўнага працаўладкавання, запуск праграмы па перапрацоўцы адзення (take-back), стварэнне адукацыйнай платформы аб устойлівай модзе і падтрымка лакальных супольнасцяў у рэгіёнах прысутнасці фабрык.

Далей свае праекты прадстаўлялі магістранты спецыяльнасці "Сусветная эканоміка", прафілізацыя "ЕАЭС". Першым быў прадстаўлены праект пад назвай «Social Responsibility in Business: A proposal for Santa Bremor», прысвечаны ўмацаванню глабальнага іміджу найбуйнейшага харчовага холдынгу "Санта Брэмар". Было прапанавана перанесці фокус з разрозненых дабрачынных ініцыятыў на сістэмнае лідарства ў сферы ўстойлівага развіцця. У ліку прапанаваных стратэгічных рэкамендацый для холдынгу: экалагічная адказнасць (стварэнне "Марскога фонду ўстойлівасці"), сацыяльны вектар (запуск адукацыйнай праграмы) і дыпламатыя бізнесу (развіццё транснацыянальных праграм стажыровак для маладых спецыялістаў ЕАЭС і ШАС). Асаблівую цікавасць аўдыторыі выклікаў праект «А1: From ESG Recognition to Irreversible Leadership», у цэнтры ўвагі якога – стратэгія ператварэння A1, найбуйнейшага тэлекам-аператара Беларусі, з уладальніка ESG-узнагароды ва ўстойлівага лідара рынку. Аўтар падкрэсліў: Гран-пры STELLAR 2025 – гэта не фініш, а кропка росту, якая патрабуе сістэмных рашэнняў. Былі прапанаваны тры крокі: празрыстасць ланцужка паставак праз справаздачнасць Scope 3, інстытуцыяналізацыя валанцёрства ў праграме "A1 Volunteers" і маштабаванне лічбавай пісьменнасці (#яанлайн) за межы Мінска і абласных цэнтраў.

Далей магістрантам Данілам Сісауры быў прадстаўлены даклад пад назвай «Improving the BELAZ Predictive Analytics System in the Context of Social and Corporate Responsibility». Прапанаваная мадэль накіравана на ранняе выяўленне няспраўнасцей абсталявання, павышэнне бяспекі працы, аптымізацыю затрат і рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў. Асаблівая ўвага была ўдзелена ацэнцы эканамічных, сацыяльных і экалагічных вынікаў укаранення сістэмы, а таксама ўмацаванню даверу кліентаў і павышэнню міжнароднай канкурэнтаздольнасці прадпрыемства.

Завяршыў абмеркаванне навуковых праектаў магістрант з дакладам «Social Responsibility in Business: Ideas for MTbank» аб сацыяльнай адказнасці бізнесу на прыкладзе МТбанка, даўняга ўдзельніка Глабальнай дамовы ААН. Аўтар прызнаў, што прапанаваць нешта зусім новае складана: банк ужо актыўна падтрымлівае сацыяльную адказнасць. Таму ў дакладзе былі прапанаваны ідэі, якія развіваюць існуючыя практыкі ў сферах экалогіі, фінансавай пісьменнасці і карпаратыўнай культуры, робячы іх больш прыкметнымі і бліжэй да кліентаў і супрацоўнікаў.

Важна адзначыць, што ўдзельнікі сустрэчы прадэманстравалі ўменне дакладна і лаканічна абгрунтаваць мэтазгоднасць укаранення сваёй бізнес-ідэі ў жыццё, пазначыўшы новыя падыходы і інавацыйныя ідэі. Эксперыменты, прапанаваныя магістрантамі-практыкамі ў фармаце "Elevator pitch", цалкам здзяйсняльныя ў якасці канцэптуальных, карысных і эканамічна рэнтабельных міжнародных праектаў.

Вынікі даследаванняў магістрантаў былі высока ацэнены інвестарамі, і аўтар кожнага праекту атрымаў інвестыцыі на развіццё свайго навукова-практычнага даследавання. У цэлым, магістранты атрымалі ўнікальны вопыт, які дазволіў у займальным фармаце абмеркаваць перспектыўныя праекты ў сферы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці і ўстойлівага развіцця, а таксама прадэманстраваць навыкі прафесійнага ўзаемадзеяння на англійскай мове.

Арганізацыя і правядзенне такіх мерапрыемстваў садзейнічае павышэнню матывацыйнай актыўнасці студэнтаў і магістрантаў не толькі ў вывучэнні замежнай мовы, у прыватнасці прафесійнай англійскай мовы, але і ў паглыбленні ведаў у сваёй прафесійнай дзейнасці з мэтай паспяховага і эфектыўнага выкарыстання вынікаў сваіх навуковых даследаванняў і інавацыйных праектаў у сваёй будучай практычнай дзейнасці.

Анфіса Клязовіч, магістрант спецыяльнасці "Менеджмент"

2026_10_14_02_01.jpg 2026_10_14_02_02.jpg 2026_10_14_02_03.jpg

2026_10_14_02_04.jpg 2026_10_14_02_05.jpg