Аб факультэце міжнародных адносін

Народжаны на пачатку незалежнасці Рэспублікі Беларусь (1 кастрычніка 1995 года) факультэт міжнародных адносін БДУ за два дзесяцігоддзі сваёй дзейнасці дасягнуў сталасці і працягвае актыўна імкнуцца да новых дасягненняў. Дынамічна развіваючай супольнасці выкладчыкаў і студэнтаў факультэта пад сілу вырашэнне самых складаных задач, пошук найбольш адэкватных адказаў на ўзнікшыя  выклікі часу. 

ФМА БДУ заслужыў высокі аўтарытэт і шырокую вядомасць як унутры нашай краіны, так і далёка за яе межамі. Стаць яго студэнтамі мараць многія беларускія юнакі і дзяўчаты, прадстаўнікі іншых краін і кантынентаў. У цяперашні час на ФМА праходзяць навучанне каля 2500 студэнтаў, у тым ліку каля 500 замежных студэнтаў з 30 краін. 

Сучасны ФМА БДУ дае якасную адукацыю па 6 спецыяльнасцях і 18 спецыялізацыях эканамічнага, прававога, гісторыка-паліталагічнага, лінгвістычнага профілю. Набытая кваліфікацыя выпускнікоў знаходзіць прымяненне ў многіх галінах жыццядзейнасці. Навучальны працэс ахоплівае ўсе ступені навучання і падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў, уключаючы аспірантуру і дактарантуру. Падрыхтоўка на першай і другой ступені вядзецца на аснове адукацыйных стандартаў новага пакалення, добра забяспечана сучаснымі падручнікамі, усімі іншымі вучэбна-метадычнымі матэрыяламі. Варта падкрэсліць, што большая частка вучэбнай літаратуры падрыхтавана на факультэце або з удзелам супрацоўнікаў факультэта. 

Відавочнай канкурэнтнай перавагай навучання на ФМА з'яўляецца паглыбленае вывучэнне студэнтамі дзвюх і больш замежных моў. У бягучым навучальным годзе кафедрамі моўных дысцыплін забяспечваецца выкладанне 17 замежных моў. Пашыраецца пералік факультатываў, якія прадстаўляюць магчымасць жадаючым вывучаць трэцюю замежную мову. 

Значныя дасягненні, высокі прэстыж факультэта не ўзніклі выпадкова або аўтаматычна толькі дзякуючы папулярным назвам спецыяльнасцяў. Яны з'явіліся перш за ўсё вынікам суладнай працы калектыву выкладчыкаў і супрацоўнікаў, які ў цяперашні час налічвае больш за 300 чалавек, у тым ліку 19 дактароў і 99 кандыдатаў навук. Велізарная заслуга ў стварэнні і развіцці факультэта, яго традыцый належыць першаму дэкану ФМА БДУ прафесару Аляксандру Віктаравічу Шарапу, усім тым, хто закладваў падмурак нашага факультэта, клапаціўся пра яго сучаснасцьі будучыню. 

Выкладчыцкі калектыў не змог  бы дасягнуць такога высокага ўзроўню кампетэнтнасці без актыўнай навукова-даследчай дзейнасці. Адным  з прызнаных крытэрыяў навуковай працы з'яўляецца абарона дысертацый. Так, за перыяд з 1998 г. (у тым годзе на ФМА была абаронена першая кандыдацкая дысертацыя) па цяперашні час аспірантамі і супрацоўнікамі факультэта абаронены 11 доктарскіх і каля 72 кандыдацкія дысертацый. У 2014 доктарскую дысертацыю ў галіне міжнароднага права абараніла выпускніца ФМА-2000  А. Ф. Доўгань. Паспяховую абарону выпускніцы спецыяльнасці «Міжнароднае права» можна лічыць пачаткам новага этапу падрыхтоўкі кадраў на ФМА. 

Колькасць навуковых публікацый факультэта, уключаючы манаграфіі і зборнікі навуковых прац, ідзе на тысячы. Не можа не радаваць рост колькасці замежных навуковых публікацый, бо менавіта ў пашырэнні міжнароднага супрацоўніцтва прафесарска-выкладчыцкі калектыў бачыць найважнейшую  крыніцу свайго развіцця. 

Сярод надзейных партнёраў ФМА дзясяткі ўніверсітэтаў, акадэмій, інстытутаў, навукова-адукацыйных цэнтраў СНД, Еўропы, Азіі, Амерыкі. Прадстаўнікі факультэта рэгулярна ўдзельнічаюць у міжнародных праектах і праграмах, выязджаюць за мяжу на навуковыя і навукова-педагагічныя стажыроўкі, прымаюць у сябе замежных калегаў. 

У апошнія гады факультэт стаў прызнанай пляцоўкай для шырокай дыскусіі па самых актуальных тэмах унутранай і знешняй палітыкі Беларусі, тэндэнцыям глабальнага і рэгіянальнага развіцця. У якасці экспертаў у мерапрыемствах інфармацыйна-аналітычнага характару акрамя прадстаўнікоў ФМА прымаюць удзел замежныя даследчыкі, прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх структур, бізнесмены, дзеячы культуры,  мастацтва  і інш. 

Неацэнны ўклад у стварэнне высокага аўтарытэту ФМА ўнеслі і працягваюць ўносіць нашы выпускнікі. Пачынаючы з першага выпуску 1996 г., факультэт даў пуцёўку ў жыццё тром з паловай тысячам маладых людзей, пераважная большасць якіх адбыліся як высокакваліфікаваныя спецыялісты. 

Насуперак яшчэ захоўваючаму стэрэатыпу пра тое, што «факультэт рыхтуе выключна дыпламатаў для беларускага МЗС», дыяпазон працаўладкавання скончыўшых наш факультэт юнакоў і дзяўчат досыць шырокі, і ён пастаянна пашыраецца. Доказам таму можа служыць паспяховая кар'ера тысяч былых студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. 

Сёння выпускнікі ФМА працуюць у Міністэрстве замежных спраў, Дзяржаўным мытным камітэце, практычна ва ўсіх міністэрствах і ведамствах краіны, у структурах міжнародных арганізацый. Значная частка выпускнікоў звязала сваю працоўную кар'еру з рэальным сектарам эканомікі, паспяхова развівае ўласны бізнес, працягвае навукова-педагагічную кар'еру. Факультэт рэгулярна атрымлівае вусныя і пісьмовыя падзякі, у якіх адзначаюцца высокія прафесійныя і маральныя якасці прадстаўнікоў нашага вялікага і згуртаванага калектыву. Знамянальна, што ў 2015 г. студэнткай нашага факультэта стала дачка выпускніка ФМА БДУ 1999 года. 

Факультэт не змог бы стаць тым, чым ён з'яўляецца сёння без пастаяннай дзяржаўнай падтрымкі, дапамогі рэктарата. Так, у верасні 2012 г. ФМА атрымаў у сваё распараджэнне новы сучасны навучальны корпус, што дазволіла значна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу, стварыць новыя магчымасці для рэалізацыі міжнародных ініцыятыў і праектаў. 

Адзначаючы несумненныя поспехі, кіраўніцтва і калектыў з поўнай адказнасцю прадстаўляюць свае нявырашаныя праблемы, традыцыйныя і ўзнікаючыя супярэчнасці ў вучэбнай, навуковай і выхаваўчай дзейнасці. Гэтыя праблемы нас не палохаюць, яны стымулююць ФМА БДУ на энергічную і больш эфектыўную працу. 

Калі пастарацца кампактна сфармуляваць місію факультэта міжнародных адносін БДУ, яна магла б выглядаць наступным чынам: «Вучыць і выхоўваць сваіх гадаванцаў:  жыць сваім розумам і сваёй працай, паважаць традыцыі беларускага народа, творча развіваць і ўкараняць інавацыі. Сумеснымі намаганнямі выкладчыкаў і студэнтаў садзейнічаць умацаванню міру, супрацоўніцтва і справядлівасці як унутры Беларусі, так і ў адносінах нашай краіны са знешнім светам! ». 

Дэкан факультэта міжнародных адносін, прафесар

В. Шадурскі

facebook       vk